Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарсуд: кампэнсацыі фігурантам справы «Белага легіёну» ня будзе


Суд аб кампэнсацыі фігурантам справы «Белага легіёну», 4 красавіка
Суд аб кампэнсацыі фігурантам справы «Белага легіёну», 4 красавіка

Менскі гарадзкі суд 31 траўня адхіліў касацыйную скаргу былых фігурантаў справы «Белага легіёну», піша БелаПАН.

Скаргу на рашэньня суду Маскоўскага раёну Менску ад 4 красавіка аб адмове ў кампэнсацыі маральнай шкоды за незаконнае затрыманьне і ўтрыманьне пад вартай падвалі фігуранты справы Белага легіёну:

А як іншыя? Летась дамагчыся кампэнсацыі спрабаваў удзельнік «Маладога фронту» Зьміцер Крамянецкі. Суд Маскоўскага раёну Менску і Менскі гарадзкі суд пазовы Крамянецкага не задаволіў.

Чаго хацелі? Кожны з пазоўнікаў патрабаваў 100 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

За што кампэнсацыя? Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. 30 лістапада 2017 году Сьледчы камітэт спыніў крымінальную справу, бо дзеяньні яе фігурантаў не маюць грамадзкай небясьпекі і не нанесьлі шкоды.

Пазыцыя ўладаў: Раней прадстаўнік Міністэрства фінансаў і пракурор не падтрымалі патрабаваньня пазоўнікаў. Паводле іх слоў, дзеяньні КДБ і Сьледчага камітэту не былі прызнаны незаконнымі, а пазоўнікі адпаведных доказаў не прадставілі.

Адвакаты пазоўнікаў зьвярталі ўвагу на:

  1. Неабгрунтаванасьць затрыманьня і ўтрыманьня пад вартай пацьвярджаецца рашэньнямі КДБ і СК аб закрыцьці крымінальных спраў аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. У дакумэнтах ведамстваў сьцьвярджаецца, што ў фігурантаў не было «злачыннай мэты».
  2. Матэрыялы ў дзяржаўных СМІ, накіраваныя на стварэньне «нэгатыўнага рэзанансу».
  3. Станоўчае судовае рашэньне 2012 году аб кампэнсацыі маральнай шкоды журналісту Антону Сурапіну, якога затрымоўвалі па справе аб «плюшавым дэсанце».

Як зьявілася справа «Белага легіёну»

Затрыманьні ў справе пачаліся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 году, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». У той жа дзень Лукашэнка заявіў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, які «ўзарваў апазыцыйную кляаку», і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі. За дзень да таго дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць нібыта не зьвязаныя адна з адной «страшылкі», якім тут жа знаходзіліся абвяржэньні.

Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (артыкул 287 КК).

«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы
«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы

«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы

У красавіку на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душ» пра «справу патрыётаў», у якім распавядалася пра нібыта пагрозы замаху на спакой у Беларусі з боку «экстрэмістаў»: з тэрыторыі Польшчы, Украіны і Расеі, пра знойдзеную ў фігурантаў справы зброю, пра плянаваньне тэрактаў у Маскве.

Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але сярод паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Паступова фігурантаў справы павыпускалі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, а ў чэрвені справу перадалі ў Сьледчы камітэт Беларусі. Летам справа фактычна развалілася. Ня так даўно старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG