Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд фігуранту «справы патрыётаў» Бяляўскаму «за патрон» уступіў у сілу


Андрэй Бяляўскі у судзе 11 студзеня 2018 году

Менскі гарадзкі суд пакінуў прысуд Андрэю Бяляўскаму, вынесены за захаваньне аднаго патрона — год хатняй «хіміі».

Фігурант «справы патрыётаў» Андрэй Бяляўскі быў асуджаны за гэта Ленінскім раённым судом Менску ў студзені 2018 году і адразу заявіў, што падасьць апэляцыйную скаргу. Андрэй Бяляўскі прызнаваў віну, але лічыў прысуд занадта суворым, а ягоны абаронца апэляваў да таго, што захоўваньне аднаго патрона не нясе грамадзкай бясьпекі. Між тым судовая калегія Менскага гарадзкога суду на чале з судзьдзём Уладзімерам Сьцяпуркам 27 сакавіка пакінула прысуд Андрэю Бяляўскаму ў сіле.

Андрэй Бяляўскі — мастак-дызайнэр зь Менску. У 2017 годзе Андрэй Бяляўскі быў затрыманы ў справе незарэгістраванай арганізацыі «Белы легіён» і адбыў за кратамі больш за 2 месяцы. У лістападзе 2017 году справа супроць «Белага легіёну» была канчаткова закрытая, усе абвінавачаньні зь яе фігурантаў зьнялі, але супраць Андрэя Бяляўскага завялі новую справу аб захоўваньні баявога патрона, знойдзенага ў ягонай кватэры. Андрэй Бяляўскі тлумачыў, што знайшоў патрон у набытым аўтамабілі і пакінуў сабе ў якасьці сувэніра.

Пасьля разгляду справы ў гарадзкім судзе вырак Бяляўскаму ўступіў у законную сілу. Тым ня менш Андрэй Бяляўскі намераны далей абскарджваць прысуд Ленінскага раённага суду Менску. Ён заявіў, што спачатку зьбіраецца падаць наглядную скаргу на імя старшыні Менскага гарадзкога суду, а калі гэта не дапаможа, паскардзіцца ў Вярхоўны суд.

«Праца мая не зьвязаная з разьездамі, таму ня думаю, што „хатняя хімія“ будзе занадта мне замінаць у працы, але ў жыцьці — так, бо там дастаткова шмат розных абмежаваньняў. Яны і маральна цяжкія. Непрыемна, калі цябе пільнуюць, як злачынцу. Таму буду спрабаваць зьмяніць прысуд, хоць у нашых умовах мусіць нешта здарыцца надзвычайнае, каб на гэта пайшлі», — сказаў Свабоде Андрэй Бяляўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG