Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шахматная арбітарка ня вернецца ў Іран пасьля скандалу з хіджабам


Шахрэ Баят, у цэнтры, на турніры ў кітайскім Шанхаі ў 2019 годзе

Арбітарка па шахматах з Ірану Шахрэ Баят заявіла, што ня вернецца ў краіну пасьля скандалу зь яе фатаграфіяй. Пра гэта іранка расказала ў інтэрвію Бі-бі-сі.

Сваё рашэньне Баят патлумачыла тым, што ў іранскія СМІ трапіла яе фатаграфія зь непакрытай галавой падчас аднаго з турніраў у кітайскім Шанхаі, які яна судзіла. Паводле яе, у Іране, дзе нашэньне хусткі для жанчын замацавана законам, яе пачалі цкаваць.

«Я ўключыла мабільны і ўбачыла, што гэтая фатаграфія ўсюды [ў іранскіх СМІ]. Яны сьцьвярджаюць, што на мне не было хусткі і што гэта быў пратэст супраць нашэньня хіджаба», — кажа яна.

Як кажа Баят, падчас турніру яна насіла хустку, але на фатаграфіі якраз момант, калі тая спала з галавы. Гэта пацьвярджаюць іншыя фатаграфіі адтуль. Хоць гэта і не было акцыяй пратэсту, сама Баят ня згодная з абавязковым нашэньнем хіджабаў. Ужо пасьля скандалу ў прэсе Баят перастала яго насіць.

«У людзей павінна быць права апранацца так, як яны хочуць, іх не павінны прымушаць апранацца пэўным чынам. <...> У турмах Ірану шмат жанчын, якія трапілі туды праз хіджаб. Гэта вельмі сур’ёзная праблема. Яны могуць зрабіць зь мяне паказальны прыклад для ўсіх», — кажа яна.

Напярэдадні Кімія Алізадэ, адзіная ў гісторыі алімпійская чэмпіёнка з Ірану, заявіла, што эмігравала з краіны па палітычных матывах: праз хлусьню, несправядлівасьць і таму, што ня хоча асацыявацца з «карупцыяй і хлусьнёй» іранскіх уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG