Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне ўвялі штрафы за адмову ад вакцынацыі дзяцей ад адру. А што ў Беларусі?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Парлямэнт Нямеччыны прыняў закон, які робіць абавязковымі прышчэпкі дзяцей ад адру і ўводзіць штрафы для бацькоў, калі прышчэпкі ня будуць зробленыя. Закон аб абавязковай вакцынацыі дзяцей ад адру пачне дзейнічаць у сакавіку 2020 году.

З гэтага ж часу вакцынацыю павінны быць усе супрацоўнікі дзіцячых садкоў і школаў, мэдычных установаў і ўсе, хто працуе зь людзьмі ў грамадзкіх установах, у тым ліку супрацоўнікі і валянтэры ў цэнтрах па працы з мігрантамі і ўцекачамі.

Бацькам, якія адмовяцца вакцынаваць сваіх дзяцей, пагражае штраф да 2500 эўра, а іх дзецям можа быць забаронена наведваць школы і дзіцячыя сады.

Чым небясьпечны адзёр

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адзёр — вострае інфэкцыйнае віруснае захворваньне зь вельмі высокім узроўнем заразнасьці. Хвароба, як правіла, працякае цяжка, суправаджаецца высокай тэмпэратурай і сыпам і можа выклікаць ускладненьні — пнэўманію і энцэфаліт. Гэта адна з асноўных прычынаў сьмерці дзяцей ва ўзросьце да пяці гадоў у разьвіваных краінах. Нягледзячы на тое, што вакцына ад адру прымяняецца з 1963 году, а яшчэ некалькі гадоў таму было прышчэплена прыкладна 97% жыхароў Зямлі, у апошнія гады ўсё больш бацькоў адмаўляліся прывіваць сваіх дзяцей, спасылаючыся на асабістыя перакананьні (так званыя «антыпрышчэпнікі») або нізкую якасьць вакцынаў.

З гэтай прычыны, па дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, толькі ў Эўропе ў 2018 годзе на адзёр захварэлі 82 тысячы чалавек, і як найменей 72 зь іх памерлі. А ўзровень вакцынацыі ад адру школьнікаў у Нямеччыне, па дадзеных Інстытуту Робэрта Коха, упаў да 93%.

Якая сытуацыя ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі прышчэпка ад адру ўваходзіць у нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак, але бацькі могуць адмовіцца ад вакцынацыі. У такіх выпадках лекар абавязаны растлумачыць наступствы адмовы. Але калі яна ўсё ж адбылася, афармляецца адпаведны запіс у мэдычных дакумэнтах з подпісамі пацыента і лекара.

​Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, з пачатку 2019 году ў Беларусі зарэгістравана 106 лябараторна пацьверджаных выпадкаў адру. 35 выпадкаў — завозныя, астатнія — зьвязаныя з завознымі. Гэта менш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году, сьцьвярджае Мінздароўя.

У Менску зарэгістравана 22 выпадкі, у Гомельскай вобласьці — 21, у Гарадзенскай і Берасьцейскай — па 17 (у тым ліку ў Гародні — 15), у Віцебскай і Менскай — па 13, у Магілёўскай — 3 выпадкі.

У Беларусі прадугледжаныя прафіляктычныя прышчэпкі ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забясьпечваюць менавіта дзьве прышчэпкі. Мэдыкі раяць, калі зьвестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адру, ці вы не хварэлі на адзёр раней, варта зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазьней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе цяпер неспрыяльная эпідэміялягічная сытуацыя.

Найвялікшая небясьпека ва Ўкраіне

Самая сур’ёзная сытуацыя назіраецца ва Ўкраіне, дзе ў 2018 годзе было адзначана больш за 53 тысячы выпадкаў захворваньня на адзёр — гэта больш, чым ва ўсіх астатніх эўрапейскіх краінах разам узятых. Рост захворваньня на адзёр мэдыкі тлумачаць толькі адмовай ад прышчэпак.

Усясьветная арганізацыя здароўя назвала адмову ад вакцынацыі адной з галоўных пагроз у 2019 годзе. Ва Украіне ўжо дзяцей без прышчэпак адмаўляюцца пускаць у дзіцячыя сады і школы.

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG