Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Вялікабрытаніі пачалася перадвыбарчая кампанія


У Вялікабрытаніі сёньня афіцыйна пачалася перадвыбарная кампанія. Пазачарговыя выбары ў парлямэнт прызначаныя на 12 сьнежня. Першае пасяджэньне дэпутатаў заплянавана на 16 сьнежня. Папярэдні склад парлямэнту быў распушчаны.

Пазачарговыя выбары ў Вялікабрытаніі прызначаныя праз сытуацыю, якая склалася вакол Брэксыту. Ураду Борыса Джонсана так і не ўдалося ажыцьцявіць выхад каралеўства з Эўразьвязу да 31 кастрычніка. У выніку ЭЗ адклаў Брэксыт да 31 студзеня 2020 году.

Выбары пройдуць паводле звычайнай для Вялікабрытаніі мажарытарнай сыстэмы ў адзін тур. Кандыдат, які заняў першае месца ў выбарчай акрузе, становіцца дэпутатам. Назіральнікі адзначаюць, што ў сытуацыі, якая склалася, ніводная з буйных партый можа не набраць абсалютную большасьць па выніках выбараў.

Раней Джонсан адмовіўся ад прапанаванага яму лідэрам Партыі Брэксыту Найджэлам Фараджам перадвыбарчага саюзу. Фарадж прапаноўваў, што яго партыя ня будзе супернічаць з кансэрватарамі ў большасьці акругаў у абмен на адмову Джонсана ад пагадненьня з ЭЗ, якое Фарадж лічыць «несапраўдным» Брэксытам. Цяпер, па ўсёй бачнасьці, Партыя Брэксыту выставіць кандыдатаў у большасьці акругаў, што можа ўскладніць перамогу кансэрватараў.

На фоне Брэксыту Лёндан адклаў да выбараў публікацыю дакладу спэцслужбаў пра пагрозы бясьпекі з боку Расеі. Чакалася, што дакумэнт будзе абнародаваны 17 кастрычніка, аднак гэтага так і не адбылося. Паводле дадзеных СМІ, у дакладзе ўтрымліваецца інфармацыя пра ўмяшаньне Расеі ў інфармацыйную кампанію ў справе Брэксыту ў 2016 годзе і парлямэнцкія выбары 2017 году.

Брэксыт першапачаткова быў заплянаваны на 29 сакавіка. Ён пераносіцца ўжо трэці раз. Брытанскі парлямэнт кожны раз выступае супраць выхаду з ЭЗ без дамовы і ў той жа час адмаўляецца зацьвердзіць дамову — ці, як апошні раз, зацягвае яе зацьвярджэньне.

У той жа час у праціўнікаў Брэксыту ў парлямэнце недастаткова галасоў, каб адмяніць рашэньне аб выхадзе з ЭЗ або прызначыць паўторны рэфэрэндум.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG