Больш за 1,1 тыс. адзінак тэхнікі працуе 2 студзеня ў розных рэгіёнах для ліквідацыі наступстваў непагадзі, паведамляе Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.
Уначы ў многіх раёнах Беларусі прайшоў моцны сьнегапад з узмацненьнем ветру да 15–18 м/с.
«Больш за 3,3 тыс. работнікаў ЖКГ чысьцяць ад сьнегу і пасыпаюць пясчана-салянымі сумесямі вуліцы, ходнікі, дваравыя тэрыторыі», — гаворыцца ў рэлізе.
У першую чаргу расчышчаюцца праезды грамадзкага транспарту і прыпынкі. Паведамляецца, то зьвяртаецца ўвага на пад’езды да ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, выхады з падʼездаў, тратуары ўздоўж дамоў, кантэйнэрныя пляцоўкі для вывазу сьмецьця.
Ведамства просіць уладальнікаў аўто не загрувашчваць праходы і ўезды ў двары, не пакідаць аўтамабілі на праезнай частцы на працяглы час: «Таксама аўтаўладальнікаў просім выконваць свой абавязак па расчыстцы сьнегу вакол вашага аўтамабіля на адлегласьці не менш за адзін мэтар».
Як піша Позірк, любы жадаючы можа зьвярнуцца ў арганізацыю ЖКГ па месцы жыхарства і бясплатна атрымаць рыдлёўкі і іншы інвэнтар для ўборкі сьнега.
У Менску грамадзкі транспарт працаваў з перабоямі з прычыны непагадзі. Уначы і раніцай двойчы паведамлялася аб спыненьні руху трамваяў на праспэкце Машэрава, вуліцы Чырвонай, Якуба Коласа і Мележа. Таксама спыняўся рух тралейбусаў на вуліцы Голубева, а таксама вуліцы Маякоўскага.
Паводле зьвестак ДП «Мінсктранс», на ДС «Малінаўка-4» з прычыны пашкоджаньня кантактнай сеткі адбылося спыненьне руху тралейбусаў на шэрагу маршрутаў. Рух быў арганізаваны да ДС «Паўднёвы Захад».
На вуліцах Пляханава і Тухачэўскага з прычыны тэхнічна няспраўнага транспарту ў абодвух напрамках спынілі курсіраваць трамвайныя маршруты № 3 і 6. Рух быў арганізаваны да разваротнага кальца «Трактарны завод».
Паведамляецца аб актыўнай ліквідацыі наступстваў сьнегападу ў Менскай і Гомельскай абласьцях.
- У Беларусі на 2 студзеня дзейнічае аранжавы ўзровень небясьпекі. На працягу дня чакаецца таксама часам выпадзеньне сьнегу, мокрага сьнегу, па захадзе з дажджом. Месцамі слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца.
Форум