Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі станеце дэпутаткай, ці будзеце казаць, што вас прызначылі? — Буду!


Кандыдаткі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Кавалькова, Тацяна Канеўская, Тацяна Ласіца

Ці будзе новы склад Палаты прадстаўнікоў стэрыльным? Якія магчымасьці маюць прызначаныя дэпутаты ў парлямэнце? Абмяркоўваюць тры зарэгістраваныя кандыдаткі ў дэпутаты.

Зь кім размаўляем

Вольга Кавалькова, 35 гадоў. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Паводле адукацыі юрыстка, эканамістка і палітоляг. Працавала на дзяржаўнай службе і ў жыльлёва-будаўнічай сфэры. Жыве ў Менску. Ня замужам.
Тацяна Канеўская, 53 гады. Актывістка ініцыятывы «Маці 328» за зьмену наркатычнага заканадаўства. Рэжысэрка масавых мерапрыемстваў. Замужам, чацьвёра дзяцей. Старэйшы сын асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле артыкулу КК 328. Жыве ў Гомелі.
Тацяна Ласіца, 40 гадоў. Сябра аб’яднаньня «Гавары праўду». Паводле адукацыі інжынэр-геоляг і практычны псыхоляг. Працавала ў дашкольных установах Гомеля і Рэчыцы, на «Рэчыцадрэў», займаецца рамесьніцтвам, робячы дэкаратыўныя вырабы з волаку. Ня замужам. Жыве ў Рэчыцы.

Сьцісла

  • Кавалькова: Хацелася б, каб гэта быў досьвед не аднаго-двух чалавек, а каб у Палаце прадстаўнікоў такіх людзей было больш. Быць нават прызначаным дэпутатам — значыць мець больш магчымасьцяў дапамагчы людзям і краіне.
  • Канеўская: Я хачу, каб дэпутаты парлямэнту перасталі карыстацца вялізарнай колькасьцю ільготаў, каб там былі ідэйныя людзі, бо цяпер туды ў асноўным ірвуцца чыноўнікі. Ільготы і прывілеі для дэпутатаў трэба прыбіраць.
  • Ласіца: У эпоху высокіх тэхналёгій у прафэсій, як і ў працы ня можа быць полу. Як жанчына і актывістка я буду падтрымліваць кампанію «Усе працы для ўсіх жанчын у Беларусі», якая дамагаецца адмены або скарачэньня сьпісу забароненых для жанчын прафэсій.


«Лічу неэфэктыўным не выкарыстоўваць магчымасьці»

Вольга Кавалькова падчас прэсавай канфэрэнцыі кампаніі назіраньня «Права выбару»
Вольга Кавалькова падчас прэсавай канфэрэнцыі кампаніі назіраньня «Права выбару»

Вольга Кавалькова: Ня ў першай выбарчай кампаніі бяру ўдзел, і ў якасьці кандыдаткі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама. Ведаю, што выбары фальсыфікуюць, што Палата прадстаўнікоў і мясцовыя саветы не абіраюцца, а прызначаюцца. Я лічу неэфэктыўным не выкарыстоўваць магчымасьці, якія дае кандыдату выбарчая кампанія — агучыць існуючыя праблемы на нацыянальным і мясцовым узроўні. Гэта магчымасьць паказаць, што ёсьць альтэрнатыва, ёсьць людзі, якія ў такіх складаных умовах гатовыя змагацца і абараняць важныя для іх каштоўнасьці. Таксама немагчыма даказаць, што выбары фальсыфікуюцца, калі моцны дэмакратычны кандыдат не ўдзельнічае ў кампаніі.

— Вы ішлі на выбары ад партыі. Наколькі для вас было прадказальна, што вас зарэгіструюць?

— Некалькі кампаній я дапамагаю кандыдатам ад нашай партыі і ад кампаніі «Права выбару» рыхтаваць дакумэнты. Я ведаю, на што зьвярнуць увагу пры падрыхтоўцы дакумэнтаў. Каб былі магчымасьці адмовіць, то мяне б не зарэгістравалі. Але такіх падстаў не было, і рэгістрацыя адбылася. 80-90% прэтэндэнтаў на кандыдаты, якія ідуць шляхам збору подпісаў, не рэгіструюць.

«Я ішла, каб стварыць прэцэдэнт»

Тацяна Канеўская падчас збору подпісаў
Тацяна Канеўская падчас збору подпісаў

Тацяна Канеўская: Я ішла на выбары, ведаючы, што яны будуць сфабрыкаваныя. Раней я спрабавала балятавацца ў мясцовыя саветы праз збор подпісаў. У камісіі мне нахабна гаварылі, што я падрабіла подпісы па адрасе, дзе я жыла ў дзяцінстве. Я размаўляла там з кожнай бабуляй, а мне казалі пра падробленыя подпісы. Я хацела даказаць камісіі, сама сабе, людзям, якія ідуць за мной (раней былі сотні, а цяпер тысячы людзей), што насамрэч выбараў няма.

Ад АГП ня быў зарэгістраваны ніводзін чалавек, які ішоў шляхам збору подпісаў. Я ішла, каб стварыць прэцэдэнт. Я сабрала 1125 подпісаў, але ішла ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Цяпер у мяне ёсьць магчымасьць выступу ў жывым эфіры, на пікетах, каб гаварыць пра праблему, зь якой сутыкнулася — антынаркатычнае заканадаўства, артыкул 328. Гаварыць я буду адкрыта на ўсю краіну.

«Я рада, што мяне зарэгістравалі, і гэта заслужана»

Тацяна Ласіца
Тацяна Ласіца

Тацяна Ласіца: Іду на выбары ўпершыню. Натуральна, хвалююся. Іду дзеля таго, каб прадстаўляць інтарэсы людзей, таму і вылучаюся па Рэчыцкай выбарчай акрузе № 44. Гэта мая акруга, тут я жыву і працую, тут прайшло маё дзяцінства, ведаю многіх людзей у горадзе. Я рамесьніца, сама сябе забясьпечваю, займаюся грамадзкай дзейнасьцю, праектам «Робім разам» па адраджэньні памяці нашага земляка, народнага артыста Ефіма Капеляна.

Людзі ў маёй акрузе заслугоўваюць справядлівых законаў, яны павінны і могуць быць пачутыя мясцовымі ўладам. Я рада, што мяне зарэгістравалі, і гэта заслужана. Я і мая каманда кожны дзень у пэрыяд збору подпісаў за вылучэньне кандыдата, сустракаліся з гараджанамі на пікетах, падчас абходу па кватэрах. Мы абышлі больш за 2000 чалавек, паслухалі розныя меркаваньні. Гэта каштоўны вопыт і адказнасьць. Дзякуй усім, хто мяне падтрымаў і паставіў подпіс. Зараз, калі мяне зарэгістравалі, зьявілася дадатковая магчымасьць у пэрыяд агітацыі актывізаваць людзей, расказаць, што мы можам разам зрабіць для нашага гораду.

На які досьвед дэпутатак Ганны Канапацкай і Алены Анісам, якіх не зарэгістравалі, вы бы абапіраліся?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вольга Кавалькова: Нават у прызначаных дэпутатаў ёсьць больш магчымасьцяў чым у нас, хоць і складана ўносіць законапраекты, вельмі шмат перашкодаў. Ганна і Алена агучвалі і ўносілі пытаньні, што тычыліся беларускай мовы, зьменаў у Крымінальны кодэкс, выбарчага заканадаўства. Гэта і круглыя сталы, і магчымасьці запытаў. Будзем шчырымі, нават у прызначаных дэпутатаў больш магчымасьцяў дапамагчы вырашыць праблему ў акрузе, агучыць праблемы і ўнутры Беларусі і для міжнароднай супольнасьці. Хацелася б, каб гэта быў досьвед не аднаго-двух чалавек, а каб у Палаце прадстаўнікоў было больш такіх людзей. Быць нават прызначаным дэпутатам, значыць мець больш магчымасьцяў дапамагчы людзям і краіне.

— А калі вы станеце дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, ці будзеце казаць, што вас прызначылі?

Вольга Кавалькова: Канечне. А чаму не? Я зараз пра гэта кажу. Ганна Канапацкая таксама не адмаўлялася канстатаваць, што сёньня выбары ў Беларусі не зьяўляюцца сапраўднымі, што ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў прызначаецца. Людзей абіраюць па іншых крытэрах, а не па крытэрах падтрымкі.

«Мне ў выканкаме сказалі, а раптам зоркі сыдуцца»

Тацяна Канеўская: Ганна Канапацкая — разумніца. Яна вельмі дапамагла ў прасоўваньні нашай працы, хаця ў яе быў і свой законапраект, які яна на працягу больш чым двух гадоў спрабавала правесьці ў Палаце прадстаўнікоў. У яе гэта не атрымалася, бо супрацьвагай пайшоў законапраект Савету міністраў, хаця яе і шмат людзей падтрымлівалі. У яе было больш магчымасьцяў, бо яна была бліжэй да заканадаўчага працэсу.

Яна вельмі хутка рэагавала на любыя зьмены і падзеі ў краіне. Калі яна пабачыла, што ёсьць праблема з наркатычным артыкулам 328, па якім на дадзены момант сядзяць каля 20 тысяч маладых людзей, яна тут жа зрэагавала, была побач з намі, увесь час дапамагала. Ад Ганны я б узяла досьвед хуткага рэагаваньня.

Дэпутат можа вырашаць унутраныя праблемы сваёй акругі, рэгіёну, але трэба разумець, што калі мы ідзе ў Палату прадстаўнікоў (гэта ўсё ж заканадаўчы орган), мы вырашаем пытаньні ўсёй краіны. Я разумею, што гэта немагчыма, але ўсё ж надзея цепліцца. Як мне ў выканкаме сказалі, а раптам зоркі сыдуцца і ўсё будзе добра. Хаця я ў зоркі мала веру.

«Мы вельмі мала ведаем, што адбываецца ў парлямэнце»

Тацяна Ласіца: Мне абедзьве кандыдаткі сымпатычныя, і вельмі шкада, што Ганна Канапацкая і Алена Анісім не былі зарэгістраваныя. Я лічу, што кандыдаты ці кандыдаткі, якіх вылучаюць грамадзянамі праз збор подпісаў, заслугоўваюць рэгістрацыі больш за ўсё. Іх нерэгістрацыя сьведчыць пра тое, што ўлада баіцца моцных і альтэрнатыўных вылучэнцаў, ня хоча чуць грамадзянаў і іх кандыдатаў. Сумна. Наша кампанія «Гавары праўду» накіравана на тое, каб голас кожнага чалавека быў пачуты.

Што б я ўзяла на ўзбраеньне: адкрытасьць, непасрэдную працу з людзьмі, сустрэчы, дэбаты, інфармаваньне насельніцтва. Зараз мы вельмі мала ведаем, што адбываецца ў парлямэнце, як падаюцца законапраекты, хто іх ініцыюе, як за іх праходзіць галасаваньне і чым наогул жывуць дэпутаты. У СМІ і сацсеткі трапляе ў асноўным канстатацыя фактаў, рашэньняў, на якія грамадзяне паўплываць ня могуць. Дэпутаты павінны быць адкрытымі, кантактаваць зь людзьмі, умець далучаць іх у грамадзка-палітычную дзейнасьць. Я хачу быць менавіта такой дэпутаткай.

— Калі вы трапіце ў парлямэнт, ці будзеце казаць, што вы — прызначаная дэпутатка, але маеце магчымасьць у гэтым статусе нешта зрабіць, як кажа Вольга Кавалькова?

Тацяна Ласіца: Так, я б сапраўды сказала, што зьяўляюся прызначаным дэпутатам. Але гэта мне не перашкодзіць выконваць сваю працу і мець зносіны з выбаршчыкамі. На жаль, наяўная сытуацыя не на нашым баку, гэта ні для каго не сакрэт, што ў краіне няма дэмакратычных выбараў.

«Калі нікога не прызначаць, значыць, адбываецца адкат назад»

— Аналітык Свабоды Юры Дракахруст прагназуе, што парлямэнт будзе безь любых прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва, аднак ня выключана, што адных «прадстаўніц незалежнага грамадзтва проста вырашылі памяняць на іншых, каб гэтыя ня думалі, што яны набылі самастойную палітычную вагу». Ці вы згодныя?

Вольга Кавалькова: Юра мае рацыю, калі кажа, што са статусам дэпутату зьяўляецца больш увагі, і дэпутаты набываюць самастойную палітычную вагу. Калі іх другі раз прызначыць ці пусьціць у парлямэнт, гэта значыць, што ўлады прызнаюць, што яны маюць давер і падтрымку людзей, бо людзі інакш глядзяць да дэпутатаў, якія ідуць другі тэрмін. Таму і не былі зарэгістраваныя ані Ганна, ані Алена.

Трэба правесьці паралелі з папярэднімі выбарамі ў 2016 годзе. Тады ў Беларусі былі вельмі складаныя стасункі з Захадам, прызначэньне дзьвюх прадэмакратычных кандыдатак адбылося пад уплывам ціску міжнароднай супольнасьці ў тым ліку. Падчас кампаніі прыяжджалі прадстаўнікі Эўрапейскай народнай партыі, была вельмі вялікая ўвага да выбараў у Беларусі. Зараз мы бачым выбары на пачатковай стадыі, але нават пры адсутнасьці дэмакратыі і пагаршэньні сытуацыі з правамі чалавека (закон аб масавых мерапрыемствах, які пагоршыў магчымасьці свабоды выказваньняў Беларусі) ЗША аднаўляюць паўнавартасную працу амбасады, ідуць перамовы з прадстаўнікамі ЭЗ.

Магчымы сцэнар, калі ўвогуле нікога апазыцыйнага ня будзе ў Палаце прадстаўнікоў. Калі нікога не прызначаць, гэта значыць, што адбываецца адкат назад. Усё ж вельмі вялікая колькасьць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці ішла на выбары, і калі ніхто зь іх не праходзіць, гэта значыць, што ўлады ізноў вяртаюцца да першапачатковай стадыі, калі іх крытыкавалі за тое, што ніхто ў парлямэнт не трапляе. Да канца ніхто ня можа быць упэўнены, які сцэнар будзе рэалізаваны. Спадзяюся, што ў Палату прадстаўнікоў усё ж трапяць прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці, бо гэта вельмі важна і для адкрытасьці краіны, і для зьмены сытуацыі ўнутры самой палаты, для таго, каб паказваць, што дэмакратычныя кандыдаты здольныя, прафэсійныя, хоць мы і не прадстаўленыя ва ўладзе.

Якія высновы з выбарчай кампаніі вы зрабілі пра настроі людзей і іх стаўленьне да Палаты прадстаўнікоў яе дэпутатаў?

Тацяна Канеўская: Людзі хочуць пераменаў, але асноўная колькасьць людзей хоча заснуць і прачнуцца ў новай краіне. Яны не гатовыя нешта рабіць самі, чакаюць, што нехта прыйдзе і нешта зробіць. Многія мне казалі: «Давай, Танюша, наперад!» Штурхаюць мяне, але самі рабіць нічога не гатовыя. Да парлямэнту недавер адназначны, сваіх дэпутатаў ніхто ня ведае.

Людзі ня ведаюць элемэнтарных рэчаў, што напрыклад можна адклікаць дэпутата, які не выконвае сваіх абавязкаў. Людзі ня ведаюць, як працуе парлямэнт і дзеля чаго ён патрэбны. Разумеюць, што ў парлямэнце сядзяць прызначэнцы, што ўсё зьверху спускаецца. За чатыры гады парлямэнцкай працы нашыя дэпутаты прынялі каля 260 законаў, зь іх толькі 6 ініцыявалі самі дэпутаты.

Тацяна Ласіца: У большасьці няма цікавасьці да выбараў, многія расчараваныя дзейнасьцю мясцовай улады, дакладней яе бязьдзейнасьцю і «нябачнымі» дэпутатамі. Людзей непакояць разьбітыя дарогі ў дварах, адсутнасьць новых, сучасных дзіцячых садкоў і школ у новых мікрараёнах, недахоп спэцыялістаў у раённай і дзіцячай паліклініцы, праблемы адлову і адстрэлу бяздомных жывёлаў на вачах дзяцей. Людзям хочацца жыць і працаваць у сваім горадзе, яны хочуць бачыць прыгожым і камфортным для жыцьця.

Калі вас абяруць дэпутаткамі, якія самыя галоўныя пытаньні і праблемы вы зьбіраецеся вырашаць, уздымаць?

Вольга Кавалькова: Тыя, што мы ўздымае ўвесь час — зьмена выбарчага заканадаўства, зьмена закону аб масавых мерапрыемствах, важныя сацыяльныя пытаньні, чыстай вады напрыклад. На маёй 103-й акрузе дагэтуль няма магчымасьці якаснай пітной вады. Грошы ў нас ідуць на Вярхоўныя суды, на палацы, а людзі пакутуюць, ад таго, што пʼюць хляраваную ваду. Дзеці хварэюць на алергію праз тое, што ўлады ня могуць нармальна разьмеркаваць бюджэтныя сродкі. Гэта пытаньні мэдыцыны, адукацыі, горадабудаўніцтва, ушчыльненьня ды іншыя.

Тацяна Канеўская: Самае асноўнае для мяне — зьмена наркатычнага заканадаўства. Я больш двух гадоў гэтым займаюся, мне ўдалося папрацаваць у рабочай групе ў парлямэнце, каб зьменіць ужо дзейнае заканадаўства, зьменшыць на два гады пакараньне па другой і трэцяй частцы артыкулу 328. Буду далей працаваць у гэтым кірунку. Мне хацелася б яшчэ правесьці ў краіне судовую рэформу, бо тое, што адбываецца ў судах, гэта не правасудзьдзе, а крывасудзьдзе. Я хачу, каб дэпутаты парлямэнту перасталі карыстацца вялізарнай колькасьцю ільготаў, каб там былі ідэйныя людзі, бо туды ў асноўным ірвуцца чыноўнікі, таму дэпутаты маюць вельмі шмат льгот і прывілеяў. Іх трэба прыбіраць.

Тацяна Ласіца: У першую чаргу гэта справядлівыя законы для беларусаў: разьвіцьцё мясцовага самакіраваньня, якое дазволіць скараціць розьніцу паміж Менскам і рэгіёнамі, даступная якасная адукацыя і мэдыцына ў рэгіёнах, справядлівае выкананьне законаў на месцах.

Усе жанчыны маюць права выбіраць працу, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, жыцьцёвых плянаў і магчымасьцяў. Абмежаваньні пры прыёме на працу, якія датычацца зьнешнасьці або ўзросту, а таксама залішні клопат дзяржавы аб рэпрадуктыўнай функцыі жанчын у большасьці выпадкаў неправамерныя.

У Беларусі дагэтуль існуе сьпіс забароненых для жанчын прафэсій (181 прафэсія з 42 сфэраў). Гэта наўпроставая дыскрымінацыя. Улады працягваюць рабіць акцэнт на абароне так званай прыроднай функцыі жанчыны замест таго, каб паважаць асабісты выбар кожнага чалавека. У эпоху высокіх тэхналёгій у прафэсій, як і ў працы ня можа быць полу. «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» распачынае кампанію «All Jobs for All Women Belarus / Усе працы для ўсіх жанчын у Беларусі», мэта якой дамагчыся адмены або скарачэньня сьпісу забароненых для жанчын прафэсій у Беларусі. І я, як працуючая жанчына і актывістка буду іх у гэтым падтрымліваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG