Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Канапацкай. Нечаканы эфэкт прызначанага дэпутата


Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Скандал вакол дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў (ПП) Ганны Канапацкай, якую зьезд АГП ня вылучыў кандыдаткай у дэпутаты на новых выбарах, адлюстроўвае новую незвычайную сытуацыю, якой раней не было ў беларускай апазыцыі, ва ўсялякім разе ад 1996 году.

Сьцісла

  • Вынікі працы Ганны Канапацкай у ПП можна ацэньваць вельмі па-рознаму.
  • АГП мела адносна свайго прадстаўніка ў парлямэнце завышаныя чаканьні.
  • Канапацкая нарабіла шэраг памылак.
  • Зь іншага боку, прэтэнзіі АГП да дэпутаткі выглядаюць непераканаўчымі.
  • Пазыцыя зьезду АГП — усё або нічога — вельмі прыгожая, маральная, але палітычна малапрадуктыўная.
  • Прапанова АГП з кожным кандыдатам у дэпутаты ад партыі падпісваць дамову — нядрэнная. Але яна ня моцна выратуе, бо ў партыі няшмат рычагоў уплыву на сваіх вылучэнцаў.

Вынікі працы Канапацкай

Калісьці, недзе ў 2008 годзе, калі зьявілася першая інфармацыя пра гатовасьць улады прапусьціць у ПП некаторых апазыцыянэраў, тагачасны старшыня АГП Анатоль Лябедзька казаў, што калі так і здарыцца, то гэта будзе «фракцыя генэрала Зайцава» (Вадзім Зайцаў быў тады старшынём КДБ).

Але калі ў 2016 годзе ўлады нечакана, нібы насьміхаючыся зь Лябедзькі, прапусьцілі ў ПП актыўнага сябра АГП Ганну Канапацкую, у партыі здарыўся кароткі міні-крызіс. Пасьля бурлівых дыскусій пастанавілі прапанаваць Ганьне ўзяць мандат і выкарыстаць яго дзеля таго, каб праводзіць у ПП партыйны, апазыцыйны парадак дня.

З таго моманту прайшло тры гады, надышоў час падводзіць пэўныя вынікі. А яны зусім не адназначныя. Ганна Канапацкая была самым заўважным дэпутатам ПП, яна актыўна пазыцыянавала сябе ў мэдыях, сацыяльных сетках як прадстаўніка апазыцыі, выступала з рознымі ініцыятывамі. Шмат абывацеляў калі і чулі нешта пра такі інстытут, як Палата прадстаўнікоў, то збольшага дзякуючы актыўнасьці Ганны. Большасьць сяброў АГП лічыць, што гэтага мала. Можна доўга спрачацца, ці шклянка напалову поўная, ці напалову пустая.

Завышаныя чаканьні

АГП лічыць, што Канапацкая ня спраўдзіла надзей. Але падаецца, што за надзеі большасьць партыі прымала свае завышаныя чаканьні. А такія чаканьні, як вядома, ніколі ня спраўджваюцца. Ня тое што партыйцы чакалі моцнага ўплыву Ганны на нейкія рашэньні. Яны хутчэй разьлічвалі на нейкі гучны інфармацыйны піяр-эфэкт, які Канапацкая павінна была ствараць, карыстаючыся трыбунай ПП.

Афіцыйныя прадстаўнікі АГП, тлумачачы свае прэтэнзіі да Канапацкай, адзначаюць, што яна аказалася «недастаткова моцнай» і сьмелай, пачала гуляць па правілах улады.

Але праблема ў тым, што калі самі ўлады выбіраюць, якіх прадстаўнікоў апазыцыі прапускаць у ПП, то па-іншаму быць проста ня можа. Палымяных рэвалюцыянэраў кшталту Анатоля Лябедзькі туды ня пусьцяць. Празь сіта могуць прайсьці толькі тыя апазыцыянэры, якіх улады лічаць бясьпечнымі. Адсюль дысананс паміж чаканьнямі і вынікам.

Вядома, Канапацкая нарабіла нямала палітычных памылак. Яна паспрабавала згуляць у сваю гульню. Але абвешчаны рух «Наперад, Беларусь» так і не зьявіўся, а адносіны з АГП сапсаваліся. Публічная жорсткая крытыка Канапацкаю кіраўніцтва партыі ператварылася фактычна ў дыскрэдытацыю ўсяе АГП.

Непераканаўчыя прэтэнзіі

Але, зь іншага боку, і прэтэнзіі АГП да дэпутаткі выглядаюць непераканаўчымі. Вось прэсавая сакратарка АГП Ганна Красуліна закідае Канапацкай, што тая ўносіла законапраект аб зьменах у выбарчае заканадаўства «ў адпаведнасьці зь дзейнымі нормамі заканадаўства», то бок праз адміністрацыю прэзыдэнта. А трэба было агучыць з трыбуны.

Дакор дзіўнаваты. Ці можна дамагчыся рэальных зьменаў у выбарчым заканадаўстве, парушаючы працэдуру? І як можна агучыць з трыбуны, калі гэтага пытаньня няма ў парадку дня сэсіі ПП? У такім выпадку слова дэпутату не дадуць, а калі ён паспрабуе гвалтам прарвацца да мікрафона, то яго адключаць. Можна, вядома, крычаць безь мікрафона, але ў такім выпадку ахоўнікі проста вынесуць з залі. Не сумняваюся, што калі б на гэтым месцы апынуўся Анатоль Лябедзька, то менавіта так ён і рабіў бы. Але неяк цяжка ўявіць, каб ахоўнікі кожны дзень за рукі і ногі выносілі з залі паседжаньняў жанчыну.

Яшчэ адна прэтэнзія. Канапацкая не перадала ў пракуратуру дакумэнты аб парушэньнях выбарчага заканадаўства, працэдуры выбараў у той акрузе, у якой яна сама выбіралася. То бок яна мусіла б юрыдычна аспрэчыць сваё выбраньне, даказаць, што дэпутацкі мандат ёй далі незаконна (!). Такія паводзіны былі б лягічнымі, калі б партыя і сама Канапацкая адмовіліся ад дэпутацкага мандату.

Але калі адначасова дэпутат з трыбуны ПП даводзіць, што ён прадстаўляе народ, выбарнікаў, і разам з тым у пракуратуры даказвае, што яго выбралі незаконна, несправядліва, то гэта нейкі партыйны мазахізм, палітычны аксюмаран.

Ці выратуе сытуацыю дамова?

Пазыцыя зьезду АГП — усё або нічога, «другі раз „недастаткова моцныя“ не патрэбныя», лепш без дэпутата, але захаваем чысьціню прынцыпаў — вельмі прыгожая, маральная, але палітычна малапрадуктыўная. Рэальнай палітыкі без кампрамісаў не бывае. Падаецца, гэта вынік доўгага знаходжаньня апазыцыі ў палітычным гета.

Лябедзька прапануе з кожным кандыдатам у дэпутаты ад партыі падпісваць дамову, паводле якой партыец, стаўшы дэпутатам, мусіць выконваць пэўныя абавязаньні.

Ідэя нядрэнная. Але яна ня моцна выратуе. Бо такая дамова зьвязвае патэнцыйнага кандыдата толькі маральнымі абавязаньнямі. У партыі няшмат рычагоў уплыву на сваіх вылучэнцаў.

У дэмакратычным сьвеце, асабліва там, дзе выбары адбываюцца паводле прапарцыйнай сыстэмы, калі дэпутат парушае дамову з партыяй, дык на наступных выбарах ён ня трапіць у партыйны сьпіс (у некаторых краінах партыя нават можа адклікаць свайго дэпутата, замяніць яго на іншага), і на гэтым яго палітычная карʼера скончыцца. На беларускіх выбарах дэпутата выбірае выканаўчая ўлада. І ў гэтым галоўная праблема.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG