Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пікет — на трактары. Фэрмэр-блогер ідзе ў дэпутаты.


Юры Ганцэвіч

Сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат ад Гомля — фэрмэр-блогер Юры Ганцэвіч. У вёсцы Пакалюбічы ён гадуе коз, кароў і авечак. На Youtube-канале ён займеў нечаканы посьпех з ролікам пра дарожны збор: 250 тысяч праглядаў, 11 тысяч «падабаек», амаль тысячу камэнтароў.

Па Гомельскай Юбілейнай акрузе № 31 зарэгістраваныя дзьве ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў. Адзін прэтэндэнт — кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віталь Уткін. Другі — вясковы фэрмэр Юры Ганцэвіч.

Ён займаецца сельскім турызмам і жывёлагадоўляй. Косіць сена, падвозіць ваду для кароў і коз на поле, робіць тварог і сыр. Юры кажа, што зарабіць грошы фэрмэру прасьцей за ўсё, прадаючы гной. «Гной цяпер цяжка дзе знайсьці ў рысе гораду. А людзі хочуць угнаіць свае гароды арганікай. Таму гной для мяне — які-ніякі спосаб заробку. На ім я магу зарабіць больш, чым на малацэ», — кажа фэрмэр.

Некалькі месяцаў таму ў Юрыя здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ праз дарожны збор. Фэрмэр мае дзевяць транспартных сродкаў — і за кожны павінен заплаціць дзяржаве. «Несправядліва. Мне тэхніка ўся патрэбная — завезьці ваду каровам на поле, скасіць сена, вывезьці гной, прывезьці вэтэрынара для жывёлы», — тлумачыць Юры. Відэа, дзе фэрмэр спрачаецца з супрацоўнікам ДАІ, трапіла ў інтэрнэт і мела посьпех.

«Я ўбачыў у камэнтарах, што 98,5% людзей падтрымліваюць мяне. Сябры папрасілі мяне ісьці ў дэпутаты», — кажа Юры.

Сябры пайшлі ў ягоную ініцыятыўную групу. Зьбіраць подпісы пагадзіліся прадпрымальнікі, якія маюць невялікі бізнэс — шынамантаж, цырульню. «Я сябрую з многімі людзьмі — бо прадаю малако, тварог і сыр. Прадпрымальнікі падтрымалі мяне і дазволілі, каб на іх гандлёвых пунктах можна было падпісацца за мяне», — кажа фэрмэр.

Подпісы ён зьбірае па вуліцах, інтэрнатах і на пікетах. «Я асабіста зьбіраю подпісы, бо хачу, каб людзі ўбачылі магчымага дэпутата ў вочы. Як высьветлілася, яны наагул ня ведаюць, хто ад іх прайшоў у парлямэнт, у вочы ня бачылі тых дэпутатаў», — кажа Юры.

Апошні пікет быў атракцыйны, бо фэрмэр прыехаў на трактары з плякатам «Я — фэрмэр. Не душыце мяне падаткамі — да пэнсіі не дажыву».

Чаго хоча дабіцца фэрмэр?

  • Скасаваць ці зьмяніць прымяненьне дарожнага збору. «Напрыклад, прывязаць яго да паліва».
  • Зьняць падатковы цяжар з фэрмэраў і дробнага бізнэсу. «Эканоміка павінна расьці не ад штрафаў — як у нас народ спрэс парушальнікі, а каб кожны ахвотны мог рабіць сваю маленькую справу».
  • Новую тэхніку, якая стаіць цяпер разабраная ў калгасах — аддаць фэрмэрам. «Мы марым пра такую тэхніку. У мяне тры трактары, адзін я сам сабраў. А ўлады ўкідаюць шалёныя грошы ў калгасы, якія гнояць тэхніку».
  • Замацаваць за вясковай моладзьдзю, якая вучыцца ў ВНУ, працоўныя месцы. «Каб моладзь вярнулася дахаты і не сьпівалася ці не зьяжджала зь Беларусі. Бо моладзь, зь якой мы размаўлялі — ня любіць сваю краіну і хоча зьехаць».
  • Зьмяніць падыход да службы ў войску. «Хай тым, хто служыць у танкавых войсках, дадуць разабраныя трактары з калгасаў, дзе яны стаяць бяз справы. Замест таго каб траву фарбаваць, як цяпер. Хай моладзь разьбярэцца з трактарамі, наладзіць і аддасьць у калгас з надпісам „На гэтым трактары служыў Аляксандар Матросаў“. А потым будзе мець перавагу пры ўладкаваньні на працу, на той жа трактар у калгасе».
  • Зьмяніць практыку прымяненьня Дэкрэту № 18 аб адбіраньні дзяцей у нядбайных бацькоў. «Два гады таму ў мяне забралі дачку, бо я яе стукнуў венікам. У іншых вяскоўцаў забіраюць дзяцей за беднасьць — што печка не адпавядае нарматывам, ці вялікага прыбытку няма, ці працы. Так быць не павінна».

Фэрмэр ня мае ілюзій, што пераможа на выбарах: «У нас у парлямэнце адны чыноўнікі сядзяць». Ён хацеў бы сустрэцца са сваім магчымым супернікам — кіраўніком адміністрацыі раёну, каб пракатаць яго на трактары. «Я б паехаў зь ім ад Сяльмашаўскага рынку па Дворнікава ў бок Пакалюбічаў, аж да траўматалёгіі ў сяльмашаўскай бальніцы — каб нам там зашылі галовы, якія мы разабʼём, калі праедзем па гэтай дарозе. Я б нават тварог прывёз як падзяку траўматолягам», — кажа Юры.

Ён не адзіны фэрмэр, які хоча трапіць у парлямэнт. Па Жлобінскай акрузе № 40 зьбірае подпісы за вылучэньне кандыдатам фэрмэр Пятро Карабанаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG