Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт будзе стэрыльны


Выснова, якая напрошваецца зь нерэгістрацыі Анісім і Канапацкай, — парлямэнт будзе безь любых прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва.

Сьцісла

  • Яны не былі рэвалюцыянэркамі ў палаце
  • Улада разьлічвае, што Захад яе будзе прымаць і без пары незалежных дэпутатаў
  • Гэта — прагноз па трэндзе
  • Аднак ня выключана, што гэтых прадстаўніц незалежнага грамадзтва проста вырашылі памяняць на іншых, каб гэтыя ня думалі, што яны набылі самастойную палітычную вагу

Погляд публікі

Калі 4 гады таму было абвешчана, што яны сталі дэпутаткамі, многія меркавалі, што іх фактычна прызначылі ў парлямэнт, дзе яны будуць адыгрываць ролю вітрыны ня тое каб надта дэмакратычнага, але больш-менш прыстойнага аблічча беларускай улады.

Так яно было ці не, усьведамлялі яны гэтую задачу ці не, але па факце яны яе выконвалі. Заходнія ўрады зафіксавалі: у Беларусі навідавоку прагрэс, было нуль незалежных дэпутатаў — сталі дзьве дэпутаткі.

Рабілі Алена і Ганна і шмат чаго іншага, узьнімалі легітымны шум у палаце, прапаноўвалі слушныя, карысныя законапраекты. Але пры гэтым зусім не былі рэвалюцыянэркамі, «на сьвятое», так бы мовіць, не замахваліся. Ці маглі ўдвох і ва ўмовах існаваньня палаты рэальна замахнуцца — можна спрачацца.

Погляд улады

Але гэта — на погляд публікі, грамадзкасьці. А на погляд улады можа і не. Шумелі, гаварылі, давалі інтэрвію, нейкія законапраекты вылучалі, словам, парушалі ідылічную карцінку адзінадушша правадыра і народу ў абліччы яго найлепшых прадстаўнікоў.

Ну так, Захаду паказалі. А сваім неяк нядобра паказваць гэткую разнастайнасьць


Дык для таго ж іх ў палату і запусьцілі, каб паказваць Захаду наяўнасьць плюралізму, розных думак. Ну так, Захаду паказвалі. І паказалі. А сваім неяк нядобра паказваць гэткую разнастайнасьць.

Тым больш што з Захадам, здаецца, і так някепска атрымліваецца. Вось з амэрыканцамі прымірыліся (амаль), Болтан прыяжджаў, на саміты Ўсходняга партнэрства Лукашэнку ўжо запрашаюць, за ўкраінскую палітыку хваляць. Палітвязьняў, зразумела, лепш больш не заводзіць ад граху падалей.

А Анісім і Канапацкая — ёсьць яны ў палаце ці няма, няўжо гэта так прынцыпова? Цяпер. А з унутрыпалітычных меркаваньняў, як улада іх разумее, дык лепш, зразумела, бязь іх. І не таму што яны самі па сабе такія пагрозьлівыя, а ў прынцыпе.

Прагноз на будучыню

Калі матывацыя нерэгістрацыі Анісім і Канапацкай сапраўды такая, то прагноз на гэтыя выбары просты і немудрагелісты — не прапусьцяць, не правядуць нікога, хто хоць нечым адхіляецца ад аглабельнай генэральнай лініі. Гэта, як мне здаецца, базавая вэрсія.

Але тэарэтычна можна дапусьціць, што справа менавіта ў нейкіх учынках, кроках Анасім і Канапацкай. Надта гучна шумелі, шмат гаварылі. Мо пусьцяць каго яшчэ цішэйшага. Дзеля падтрыманьня балянсу. Ці проста каб ня думалі, што сталі нейкімі самастойнымі фігурамі.

Як казаў расейскі імпэратар Павал І, другі чалавек у Расеі — той, зь кім я зараз размаўляю. І пакуль я зь ім размаўляю.

Анісім і Канапацкая не былі другімі асобамі ў Беларусі. Але зь імі неяк размаўляла сыстэма. Магчыма, цяпер паказала рацыю колішняга расейскага цара. А заўтра будзем размаўляць зь іншымі. З кім? А з кім захочам. Але ня з гэтымі. Каб ня думалі пра сябе зашмат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG