Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так нельга, але Канстытуцыя дазваляе? Рух «За свабоду» сабраўся выставіць кандыдатаў у дэпутаты


Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, архіўнае фота

Рух «За свабоду» сабраўся выставіць ад грамадзкага аб’яднаньня 55 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі, піша БелаПАН са спасылкай на лідэра руху Юрася Губарэвіча.

Выбарчы кодэкс Беларусі дазваляе (артыкулы 62, 63 і 65) выстаўляць кандыдатаў ад партыяў, працоўных калектываў і праз збор подпісаў грамадзянаў.

Але рух не зарэгістраваны як палітычная партыя (толькі з чацьвёртага разу зарэгістравалі грамадзкім аб’яднаньнем) і ня ёсьць працоўным калектывам.

«Мы грунтуемся на артыкуле 69 Канстытуцыі, які дае права вылучэньня кандыдатам у дэпутаты грамадзкім аб'яднаньням, працоўным калектывам і грамадзянам адпаведна закону, — тлумачыць Юрась Губарэвіч. — Гэты артыкул ня дзеліць грамадзкія аб'яднаньні на асобныя групы, якія могуць адрозьнівацца: фонды, партыі і гэтак далей. Ён дае права вылучэньня ўсім грамадзкім аб'яднаньням».

Артыкул 69 Канстытуцыі РБ. Права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадзкім аб’яднаньням, працоўным калектывам і грамадзянам адпаведна закону.

Акрамя таго, адзначыў Губарэвіч, артыкул 5 Канстытуцыі разам з партыямі згадвае «іншыя грамадзянскія аб’яднаньні» — і тыя, і тыя «садзейнічаюць выяўленьню і выказваньню палітычнай волі грамадзянаў, удзельнічаюць у выбарах».

Таксама Губарэвіч згадвае артыкул 137 Канстытуцыі, які ў выпадку разыходжаньня між Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі ставіць Канстытуцыю вышэй. Ён дапускае, што ў выбаркамах кандыдатам руху будуць адмаўляць у рэгістрацыі, але кажа пра намер абскарджваць гэта ў вышэй стаячых камісіях і судах.

Адной з мэтаў гэткай акцыі ён называе «размарозку палітычнага жыцьця ў краіне», дзе ад 2000 году «накладзены фактычны мараторый на рэгістрацыю новых палітычных партыяў».

Ды кандыдатаў ад руху будуць выстаўляць ня толькі такім шляхам са спасылкай на Канстытуцыю: Губарэвіч кажа, «больш за палову» выставяць па сьпісах партнэрскіх партыяў (рух уваходзіць у правацэнтрысцкую кааліцыю) і праз збор подпісаў.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — адбудуцца 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выберуць на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка.
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада зьбіраюцца выстаўляць кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG