Інваліду-вазочніку, які ідзе ў дэпутаты, для сустрэч з выбарнікамі далі памяшканьне, куды яму цяжка трапіць

Яўген Шаўко
Яўген Шаўко

На сёньняшні дзень сярод больш як паўтысячы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня ёсьць толькі адзін інвалід-вазочнік. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Гаворка ідзе пра Яўгена Шаўко, старшыню рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў. Ягоная ініцыятыўная група зьбірае подпісы за вылучэньне спадара Шаўко кандыдатам у дэпутаты па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95.

У інваліда-вазочніка 7 канкурэнтаў, сярод іх, дарэчы, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў і дзейная дэпутатка Тацяна Сайганава.

Старшыня праўленьня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімер Патапенка зьвярнуўся ў Цэнтравыбаркам. Ён лічыць, што Яўген Шаўко знаходзіцца ў няроўных умовах зь іншымі прэтэндэнтамі. Справа ў тым, што для сустрэч кандыдатаў з выбарнікамі ўлады адвялі памяшканьне, у якое інваліду цяжка трапіць.

Аднак ЦВК скаргі не задаволіла. Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына патлумачыла адмову так:

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

«Тут ідзе гаворка пра фармальную роўнасьць. Ну ня ходзяць выбарнікі на сустрэчы з кандыдатамі. У лепшым выпадку прыйдуць усяго некалькі пэнсіянэраў. І ўсё».

Дарэчы, у Авальнай зале Дома ўраду, дзе праходзяць пленарныя паседжаньні дэпутатаў, пасьля рамонту, які зрабілі ў канцы 2018 году, зьявіўся адмысловы мікрафон, да якога можа без усялякіх праблем пад’ехаць інвалід-вазочнік.

​
XS
SM
MD
LG