Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук-вазочнік стварыў стартап, каб дапамагаць людзям з інваліднасьцю


Яўген Шаўко (зьлева) і Дзяніс Васілевіч

Лыжкі, якія чапляюцца на руку, дошкі для перасадкі ды іншыя прылады для хворых, старых ды людзей з інваліднасьцю зьбіраецца вырабляць у Менску стартап OnWheels. Хлопцы перамаглі ў конкурсе сацыяльных праектаў і выйгралі 10 тысяч рублёў.

Чалавек, які не падладзіўся

Праца, вандроўкі, сям’я ды малая дачка ня дзіва для мужчыны 38 гадоў. Толькі калі ён ня вымушаны перасоўвацца на вазку, як гэта ўжо 20 гадоў робіць Яўген Шаўко — кіраўнік Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў.

Траўму ён атрымаў 18-гадовым хлопцам, няўдала нырнуўшы. Праз тры гады заняўся грамадзкай дзейнасьцю і цяпер аптымістычна лічыць, што нават у вазку можна жыць незалежна і паўнавартасна.

Яўген Шаўко, седзячы за сталом, паказвае прылады: лыжка, якую надзяваеш на далонь, шчотка для валасоў з доўгай ручкай. Яны вырабленыя ў адным экзэмпляры альбо набытыя за мяжой. Там іх цана пачынаецца ад 10 эўра. Такія рэчы прыносяць палёгку старым ды людзям з інваліднасьцю, зь імі прасьцей будзе аднаўляцца пасьля траўмы.

Яўген Шаўко
Яўген Шаўко

«Гэта ўзоры, у Беларусі пакуль такіх няма», — кажа Яўген Шаўко.

Ён лезе ў заплечнік на сьпінцы вазка і дэманструе яшчэ адну рэч — пятлю з плястыкавым тронкам, якой зручна зашпіліць маланку на абутку. Навошта яна чалавеку, у якога выдатна працуюць рукі? «Не выдатна, — удакладняе Яўген, — гэта толькі здаецца».

«Шмат людзей у Беларусі пакутуе, напружвае сваякоў, і гэтая залежнасьць прыгнятае. А выйсьця няма, бо ніхто не прапанаваў, — тлумачыць Яўген Шаўко. — І што казаць, людзі — істоты неадназначныя і часам злыя, шмат хто карыстаецца гэтай залежнасьцю, пачынае камандаваць... А чалавек змушаны мірыцца і падладжвацца пад навакольных. А хочацца быць максымальна незалежным».

Адмысловыя лыжкі і відэльцы
Адмысловыя лыжкі і відэльцы

У адным шэрагу з мыліцамі і інвалідным вазком

Людзей, якім складана абслужыць сябе звыклымі для здаровых прадметамі, дзясяткі і нават сотні тысяч. Іх дыягназы — ДЦП, траўмы шыі, інсульт...

Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі 568 тысяч людзей з інваліднасьцю (як удакладняе Яўген Шаўко, зь іх каля 20 тысяч — вазочнікі). Белстат паведамляе, што на канец 2018 году ў Беларусі таксама было больш за 2,5 мільёна пэнсіянэраў — а яны фармальна належаць да катэгорыі фізычна аслабленых людзей.

Тым, у каго парушаная дробная маторыка ці хто мае праблемы з апорна-рухальным апаратам, патрабуецца адаптацыя да побыту. Ёсьць і адмысловы дакумэнт — «Пералік тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі». Сродкі адаптацыі побыту значацца там у адным шэрагу з мыліцамі і інваліднымі вазкамі.

«Гэтыя прадметы зьявіліся ў сьпісе з нашай падачы. Гэта вынік шматгадовай працы», — кажа Шаўко.

Іх можна атрымаць бясплатна ад дзяржавы, але не заўсёды.

Дзяніс Васілевіч
Дзяніс Васілевіч

«Маёй маці лекарская кансультацыйная камісія выпісала дакумэнт аб тым, што яна мае патрэбу ў адмысловых відэльцы, лыжцы, нажы, расчосцы. Даведку выпісалі 8 месяцаў таму, але рашэньне не выконваецца, бо няма каму і дорага», — кажа Дзяніс Васілевіч, валянтэр «Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў» аж з 2012 году.

Увосень Дзянісу трапілася на вочы абвестка пра конкурс сацыяльных стартапаў SAP UP, арганізаваны беларускім прадстаўніцтвам усясьветна вядомага распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня для бізнэсу SAP. Разам з кіраўніком арганізацыі Яўгенам Шаўко яны вырашылі падаць заяўку, а ў лістападзе перамаглі з праектам OnWheels. Галоўны прыз — 10 тысяч рублёў на разьвіцьцё ідэі.

Конкурс праходзіць у Беларусі з 2017 году. Мінулым пераможцам таксама зрабіўся стартап, які мае на мэце забясьпечыць роўныя магчымасьці для розных людзей — праект вырабу адаптыўнай вопраткі «Сьвятаяньнік» для людзей з асаблівасьцямі будовы цела.

Мэталічная прылада для выцісканьня цюбікаў з пастай, кетчупам і г.д.
Мэталічная прылада для выцісканьня цюбікаў з пастай, кетчупам і г.д.

«Цягаюць на сабе чалавека, а потым лечаць грыжу»

«Прызу нам хопіць, каб стартануць. Мы лічым, што будзем першымі ў краіне», — кажа Дзяніс Васілевіч і дэманструе прылады, прывезеныя з-за мяжы ці зробленыя сваімі рукамі.

Сіняя дошка для перасадкі дазваляе зьмяніць ложак на канапу самому альбо пры мінімальнай дапамозе. Такія дошкі бываюць рознай формы: для аўта, ванны і іншыя.

«Дошкі для перасадкі мы хацелі б рабіць і індывідуальна, і для ўстановаў аховы здароўя, і для дамоў састарэлых. Дапаможны пэрсанал там вельмі мала адукаваны ў гэтым пляне. Яны цягаюць на сабе чалавека, а потым самі лечаць сьпіну і грыжу. Але можна не падымаць, а сьцягваць чалавека», — кажа Дзяніс Васілевіч.

Дошка для перасадкі
Дошка для перасадкі

Наступнае — гумаваныя поручні для вазка, паралельныя колам. Яўген дэманструе свае: цёмна-сіні матэрыял шчыльна аблягае мэтал. Па словах уладальніка, пара жалезных абручоў з пакрыцьцём каштуе нятанна — 150–180 эўра. Яны патрэбныя людзям з аслабленым хватам рук.

«Усё, дзе стаіць грыф „інваліднасьць“, „вясельле“, „пахаваньне“, робіцца на 200% даражэйшае. Хоць гэта простыя рэчы», — камэнтуе Дзяніс Васілевіч.

«Мы можам пастаўляць такія абручы ў Беларускі пратэзна-артапэдычны аднаўляльны цэнтар, які займаецца вытворчасьцю інвалідных вазкоў. Мы можам прапанаваць больш танна той складнік, які цяпер набываюць у Польшчы», — тлумачыць Яўген Шаўко.

Прылада для абстрыганьня пазногцяў
Прылада для абстрыганьня пазногцяў

Дзяніс Васілевіч паказвае прыладу абстрыгаць пазногці, зашпіляч для гузікаў, заціскач для шнуркоў, расчоскі і сталовыя прыборы з адмысловымі дзяржальнамі. Па словах Дзяніса Васілевіча, заводзкі нямецкі варыянт лыжкі, якая надзяваецца на руку, каштаваў бы 15–25 эўра. Прылада для людзей зь іншым хватам — напрыклад, пры ДЦП — можа абысьціся ў 35 эўра.

10 рублёў за самастойнасьць

Вытворчасьць пачнуць з элемэнтарных рэчаў, асартымэнт будуць пашыраць у залежнасьці ад попыту: рабіць мадыфікацыі пад розны хват, выпускаць індывідуальныя і сэрыйныя рэчы, з плястыкавым і раменным мацаваньнем.

Зашпіляч для гузікаў
Зашпіляч для гузікаў

Кошт будзе вышэйшы, чым у аналягаў для звычайных людзей, але ніжэйшы, чым у замежнага варыянту — залежна ад маштабу вытворчасьці ды іншых парамэтраў.

«Маючы льготны кошт арэнды (10% ад звычайнай) і падатковыя льготы па аплаце працы, мы зможам зрабіць цану, адэкватную для любога беларуса, — кажа заснавальнік стартапу OnWheels Яўген Шаўко. — Уявіце: вы маеце сваяка пасьля інсульту, які ня можа сам пачысьціць зубы. Ці гатовыя вы заплаціць 5 даляраў, каб ён гэта здолеў? Вы можаце дапамагаць яму зашпіліць кашулю — альбо набыць за 10 рублёў зашпіляч для гузікаў, і ён зробіць гэта сам».

«Яна зьела ўсе зубы»

«Ня кожны зразумее, чаму гэта неабходна, — працягвае Дзяніс Васілевіч. — Ад самага дзяцінства мамы і таты бегаюць, мыюць, кормяць і пояць дзяцей з інваліднасьцю. Але калі адразу даць адмысловыя прылады, то зьменіцца лёгіка. Чалавек будзе шукаць спосаб, як адаптаваць для сябе ўсё: аўта, працоўнае месца, побыт».

Маці Дзяніса ня мае ні рук, ні ног, але выгадавала дзіця і цяпер цалкам незалежная ад яго.

«Я зацікаўлены, таму што гэта тычыцца мяне: мая маці магла б пражыць сваё жыцьцё камфортней. Яна расла ў суворых побытавых умовах — у дзіцячым доме. І яна ўнікальная, робіць усё самастойна, мэтадам спроб і памылак. Напрыклад, пярэдняя канфорка пліты не працуе, каб не апячыся. У пакоі ніжэйшае крэсла, у ванным пакоі — дадатковы пад’ём, каб заскочыць, і парэнча, каб выскачыць. Ад мяне яна не залежыць ніяк».

Плястыкавая ключніца, дзе ключы ўстаўляюцца між маленькімі пласьцінамі
Плястыкавая ключніца, дзе ключы ўстаўляюцца між маленькімі пласьцінамі

Паводле Дзяніса, яго маці ўсё жыцьцё трымала нож у зубах, і «ёй ніхто не падказаў замацаваць яго рэменем на руцэ, таму яна зьела ўсе зубы».

«Вядома, у яе было іншае выйсьце: проста ляжаць, і ёй бы прыносілі ўсё, дагледзелі б у доме састарэлых. Але ўсё залежыць ад асобы».

«Мы тое дрэва, якое можа пасадзіць сацыяльны інвэстар»

Рэалізоўваць праект вытворчасьці будзе «Беларуская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў». Цяпер аўтары працуюць над нюансамі тэхналёгіі.

«Як толькі атрымаем сродкі, закруціцца працэс: трэба будзе прыдумаць прыгожую назву, зразумелы сайт, набыць матэрыялы. У красавіку ў Маскве будзе выстава матэрыялаў для вытворчасьці такіх прыладаў, і я хачу яе наведаць, дамовіцца з вытворцамі», — кажа Яўген Шаўко.

Апроч таго, у плянах — абмеркаваць зь Міністэрствам аховы здароўя продаж прадуктаў у мэдыцынскія ўстановы.

Нажніцы, якія расьціскаюцца самі дзякуючы плястыкавай стужцы між ручкамі
Нажніцы, якія расьціскаюцца самі дзякуючы плястыкавай стужцы між ручкамі

«Нам бы хацелася распаўсюдзіць гэта ў кожную мэдустанову. А таксама каб людзі замаўлялі рэчы пад свае адмысловыя патрэбы. А мы распрацуем пад іх эскіз», — тлумачыць валянтэр і суаўтар праекту Дзяніс Васілевіч.

Яўген Шаўко кажа, што трэба стварыць пляцоўку для абмену досьведам і дапамогай, дзе кожны ахвочы мог бы «паўдзельнічаць, каб зрабіць Беларусь дабрэйшай».

«Часам мы сустракаемся з журналістамі, потым чытаем артыкулы, але пасьля іх нам ніхто не тэлефануе. Мы хацелі б, каб гучала: хоць мы ўсё можам самі, але будзем рады любой дапамозе ў разьвіцьці праекту», — кажа кіраўнік Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG