Рашэньне судзьдзяў было аднагалосным.
Вярхоўны суд Вялікабрытаніі ў аўторак пастанавіў, што прэм’ер-міністар Барыс Джонсан дзейнічаў незаконна, калі рэкамэндаваў каралеве Лізавеце II прыпыніць працу парлямэнту за некалькі тыдняў да «Брэксыту».
«Гэта аднагалоснае рашэньне ўсіх 11 судзьдзяў, — заявіла старшыня Вярхоўнага суду Брэнда Хэйлі. — Вырашаць, што рабіць далей, павінен парлямэнт, асабліва сьпікер Палаты абшчын і сьпікер Палаты лордаў».
Апанэнты Джонсана падалі ў суд, абвінавачваючы прэм’ера ў тым, што ён імкнецца перашкодзіць парлямэнту абмяркоўваць пытаньне аб Брэксыце. Суд фактычна пагадзіўся зь іх аргумэнтацыяй.
Старшыня Вярхоўнага суду лэдзі Хэйлі абвясьціла, што ўрад не прад’явіў ніякіх разумных тлумачэньняў, навошта яму спатрэбілася спыняць працу парлямэнту на пяць тыдняў перад заплянаваным выхадам краіны з Эўразьвязу. Звычайны тэрмін прыпыненьня працы — некалькі дзён.
Хэйлі заявіла, што прыпыненьне працы парлямэнта замінала дэпутатам выконваць іх канстытуцыйныя абавязкі і паўплывала на фундамэнтальныя асновы дэмакратыі ў краіне.
- Праца Палаты абшчын была прыпыненая на пяць тыдняў 16 верасьня паводле рашэньня ўраду Барыса Джонсана. Апазыцыя заявіла, што Джонсан спрабуе пазбавіць парлямэнт голасу напярэдадні Брэксыту, прызначанага на 31 кастрычніка. Урад адмаўляла гэта.
- Перад сыходам на вымушаныя вакацыі дэпутаты прынялі закон, які абавязвае прэм’ер-міністра прасіць Эўразьвяз аб адтэрміноўцы Брэксыту ў выпадку, калі Лёндану ня ўдасца дамовіцца аб умовах пагадненьня аб выхадзе з ЭЗ. У паведамленьні канцылярыі прэм’ер-міністра 16 верасьня было сказана, што ён не зьбіраецца прасіць аб адтэрміноўцы.
- Вялікабрытанія павінна была выйсьці з Эўразьвязу, паводле вынікаў рэфэрэндуму 2016 году, яшчэ 29 сакавіка. Парлямэнт тройчы адкідаў прапанаваныя для галасаваньня праекты пагадненьняў з ЭЗ, дасягнутыя папярэднікам Джонсана на пасадзе прэм’ера Тэрэзай Мэй. Тры праваленымі галасаваньні прывялі да адстаўкі Мэй.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў