Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве інфармацыі назвалі прычыны малой колькасьці тэлевізійнай прадукцыі на беларускай мове


Міністар інфармацыі Беларусі Марат Маркаў
Міністар інфармацыі Беларусі Марат Маркаў

Міністар інфармацыі Беларусі Марат Маркаў адказаў на пытаньне тэлегледача, у якім той прапанаваў павялічыць да 45 адсоткаў аб'ём беларускамоўнай тэлепрадукцыі.

Як адзначаецца ў Telegram-канале ведамства, Марат Маркаў мяркуе, што моўная сытуацыя на тэлеканалах «адлюстроўвае агульную сытуацыю ў грамадзтве».

«Сапраўды, беларускамоўных праграм на ТВ ня так шмат. Сытуацыя склалася ня ўчора і адлюстроўвае агульную сытуацыю ў грамадзтве. Нагадаю, пра што я ўжо пісаў у гэтай рубрыцы: пры тым, што больш за палову грамадзян краіны, згодна з апошнім перапісам, назвалі менавіта беларускую мову роднай, размаўляюць на ёй — менш за чвэрць насельніцтва», — сказаў міністар.

Паводле яго слоў, раптоўнае вызначэньне квоты ў памеры 45 % будзе авантурай.

«У нас няма грамадзкай тэлевізіі, няма абавязковага штомесячнага збору Abonament RTV за валоданьне тэлевізарам і збору на смартфоны, пляншэты, ноўтбукі, тэлевізары, як у Польшчы і шэрагу іншых эўрапейскіх дзяржавах. Тэлеканалы зарабляюць на рэкляме і арыентуюцца на запыт гледача. А толькі 1,1% тэлегледачоў, згодна з сацапытаньнем 2025 году Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі, аддаюць перавагу тэлевізійным праграмам на беларускай мове. Яшчэ траціна апытаных адзначаюць аднолькавую ступень перавагі як расейскай, так і беларускай моў у тэлекантэнце. І што паказальна, частка пераглядаў нашага культурнага тэлеканалу Беларусь 3, дзе пераважна беларускамоўныя праграмы — у сярэднім 2,5%», — патлумачыў ён.

Пры гэтым Марат Маркаў перакананы, што тэлеканалы павінны ўлічваюць такую рэальнасьць.

«Прышчэпліваць любоў да беларускай мовы неабходна комплексна — праз культуру, адукацыю, інфармацыйныя рэсурсы. І дакладна без найменшага ўшчамленьня другой дзяржаўнай мовы. Таму Міністэрства інфармацыі бачыць сваю задачу ня ў штучным навязваньні працэнтных суадносін, а ў стымуляваньні стварэньня тэлеканаламі якаснага, цікавага і канкурэнтаздольнага кантэнту на беларускай мове», — патлумачыў ён.

Міністар Маркаў таксама прапанаваў цяпер «не ўскладняць» моўнае пытаньне «з улікам усяго таго кашмару, які робіцца ў сьвеце».

«Галоўнае — любыя спробы публічна дыскрымінаваць якую-небудзь дзяржаўную мову, гэтак сама як і любую іншую нацыянальную мову, дэманстраваць непавагу да яго павінны жорстка спыняцца. Менавіта абвастрэньне моўных, нацыянальных і рэлігійных пытаньняў часта становіцца прычынай развалу дзяржаў. А для Беларусі, дзе жывуць больш за 150 нацыянальнасьцяў, гэта больш, чым актуальна», — дадаў міністар інфармацыі.

У Беларусі цягам усяго часу праўленьня Аляксандра Лукашэнкі, які ініцыяваў наданьне статусу дзяржаўнай расейскай мовы на рэфэрэндуме ў 1995 годзе, выкарыстаньне беларускай мовы на дзяржаўным і інфармацыйным узроўні зьменшылася — большасьць тэлеканалаў і радыёстанцый пераведзеныя на расейскую мову вяшчаньня. У школах і дзіцячых садках засталося вельмі мала беларускамоўных клясаў і груп.

Пасьля 2020 году ў Беларусі закрылася шмат беларускамоўных адукацыйных праектаў. Апроч таго, шэраг твораў беларускіх клясыкаў трапілі ў сьпіс так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а выкарыстаньне некалі дзяржаўных, а цяпер нацыянальных сымбаляў (герб «Пагоня», бел-чырвона-белы сьцяг) становяцца прычынай для палітычнага перасьледу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG