Такія зьвесткі 13 студзеня апублікаваў Белстат. Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, ухвалены ўрадам на 2025 год, прадугледжваў, што інфляцыя не павінна перавысіць узровень 5 працэнтаў.
Паводле Белстату, у сьнежні месячная інфляцыя склала 0,3%, што на 0,1% менш, чым у лістападзе. Такім чынам рост гадавой інфляцыі пад канец 2025-га замарудзіўся, у лістападзе гадавая інфляцыя складала 7%.
Базавая інфляцыя, якая выключае зьмены цэнаў на сэзонныя тавары і паслугі, а таксама на тавары з рэгуляванымі цэнамі, у сьнежні склала 0,4 працэнта, а за год — 7,3 працэнта. У сьнежні цэны на харчовыя тавары вырасьлі на 0,4%, на нехарчовыя — на 0,2%, на паслугі — на 0,3%.
За год цэны на прадукты харчаваньня вырасьлі на 9%, на нехарчовыя тавары — на 0,3%, а на паслугі — на 8%.
Паводле Белстату, у 2024 годзе інфляцыя склада 5,2%, у 2023 годзе — 5,8%.
Як паведамляе Белстат, цэны ў 2025 годзе на ўсе паслугі і прадукцыю, акрамя сельскагаспадарчай, значна перавысілі прагнозны ўзровень інфляцыі ў 5%.
Прырост цэнаў ад вытворцаў прамысловай прадукцыі за сьнежань 2024 — сьнежань 2025 году склаў 6,4%, паведаміў Белстат. Прырост цэнаў ад вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі за 2025 год — 2,6%. У будаўніцтве за год прырост цэнаў склаў 5,4%, у тым ліку на будаўніча-мантажныя работы — 13%. Прырост тарыфаў на перавозку грузаў — 6,8%. Прырост тарыфаў на паслугі сувязі для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў — 8,8%.
Беларускі ўрад ставіў мэтаю стрымаць у 2025 годзе інфляцыю ў рамках 5% за год.
Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) раней падаў макраэканамічны прагноз на 2026–2028 гады: прырост ВУП у Беларусі мае скласьці 1,8%.
«Стрымальным фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю праз запаволеньне эканомікі ключавога гандлёвага партнэра — Расеі. Пры гэтым высокія інвэстыцыйная і спажывецкая актыўнасьць падтрымліваюць рост эканомікі», — пішуць аналітыкі.
Яны мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі будзе знаходзіцца каля адзнакі 7%. Яе паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.
Сярэдні курс беларускага рубля ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 3,32 бел. руб./даляр. Умеркаванае паслабленьне курсу зьвязана з ростам імпарту і скарачэньнем экспарту тавараў.