Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарэгістравалі першага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Хто гэта?


Ілюстрацыйнае фота

Дырэктар турыстычна-гатэльнага комплексу «Лучоса» зь Віцебску Дзьмітры Ягораў стаў першым зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ён балятуецца ў Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17.

Ягорава вылучыў працоўны калектыў, які ён ачольвае. У такіх выпадках прэтэндэнту на дэпутацкі мандат не патрэбна ні рэгістраваць ініцыятыўную групу, ні зьбіраць тысячу подпісаў у сваю падтрымку. Адзіная ўмова такога вылучэньня — у працоўным калектыве павінна быць ня меней за 300 чалавек.

Дзьмітры Ягораў нарадзіўся ў 1978 годзе. Ён беспартыйны.

Сьледам за Ягоравым у Віцебскай вобласьці зарэгістравалі яшчэ двух кандыдатаў ад працоўных калектываў. Гэта 52-гадовы намесьнік дырэктара «Віцебскэнэрга» Аляксандар Каплеўскі і 57-гадовая кіраўніца докшыцкіх прафсаюзаў Ядвіга Шульгат.

Сваіх кандыдатаў у дэпутаты, якім таксама няма патрэбы зьбіраць подпісы выбарнікаў, могуць вылучыць і 15 афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі палітычных партыяў. Усе яны заплянавалі свае форумы, прысьвечаныя вылучэньню, на апошнюю дэкаду верасьня.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — адбудуцца 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выберуць на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка.
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада зьбіраюцца выстаўляць кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG