Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураган «Дорыян» забіў пяць чалавек, разбурыў на Багамскіх астравах каля 13 000 дамоў

абноўлена

Выгляд урагану «Дорыян» з космасу.
Выгляд урагану «Дорыян» з космасу.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», ураган «Дорыян» у панядзелак прайшоў над астравамі Вялікі Багама і Абака, прынёсшы з сабой штармавыя хвалі, залевы і магутны вецер. На гэтых астравах разбурана каля 13 000 дамоў.

На Багамах

Абноўлена, 3 верасьня. Паводле Associated Press, на Багамах ад урагану загінулі прынамсі 5 чалавек, паранены ня менш як 21 чалавек.

«Дорыян» асабліва небясьпечны таму, што мае малую хуткасьць руху. З гэтай прычыны наступствы шторму на востраве будуць адчувацца даўжэй.

Як заявілі ў панядзелак у Нацыянальным цэнтры назіраньня за ўраганамі ЗША, «Дорыян» рухаецца на захад з хуткасьцю ўсяго 2 км/г, а максымальная стабільная хуткасьць ветру ўнутры ўрагану дасягае 270 км/г.

Як паведамляе Міжнародная Фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, паводле папярэдніх ацэнак уладаў, істотную шкоду панесьлі выспы Вялікі Багама і Абака, дзе атрымалі моцныя пашкоджаньні або былі цалкам разбураныя да 13 000 дамоў.

Паводле ацэнак міжнароднага банка UBS, шкода ад урагану можа дасягнуць 25 мільярдаў даляраў.

Афіцыйных дадзеных аб загіблых на Багамскіх выспах пакуль не паступала, аднак у СМІ паведамляюць, што ў выніку шторму патануў 7-гадовы хлопчык. Больш дакладнае ўяўленьне аб колькасьці пацярпелых і маштабах панесенай шкоды можна будзе скласьці пазьней у панядзелак і ў найбліжэйшыя дні.

У ЗША

Улады штатаў на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы ЗША выпусьцілі ўласныя папярэджаньні і загады аб эвакуацыі насельніцтва самых уразьлівых раёнаў. Распараджэньне аб эвакуацыі ўступілі ў сілу ў панядзелак у Флорыдзе, Джорджыі і Паўднёвай Караліне.

Пад распараджэньне аб частковай абавязковай эвакуацыі трапіла і акруга Палм-Біч у Флорыдзе, дзе разьмешчаны адзін з курортаў, якія належаць прэзыдэнту Дональду Трампу.

«Падобна, што гэты ўраган можа аказацца больш магутным за ўсе астатнія», — сказаў у нядзелю Трамп падчас брыфінгу ў Фэдэральным упраўленьні надзвычайных сытуацыяў у Вашынгтоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG