Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнасьць, перамовы пра санкцыі і «Яма» — з чым прыяжджаў у Менск Болтан


Аляксандар Лукашэнка і Джон Болтан
Аляксандар Лукашэнка і Джон Болтан

Якія вынікі візыту ў Беларусь дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана?

Сьцісла:

  • Беларусы хочуць незалежнасьці — з гэтага вынікае, што рашэньне аб аб’яднаньні Беларусі з Расеяй ЗША будуць лічыць неадпаведным волі беларускага народу.
  • Болтан паведаміў, што бліжэйшым часам бакі пачнуць перамовы аб скасаваньні санкцыяў, якія дзейнічаюць адносна Беларусі.
  • Нераспаўсюд зброі, які Болтан назваў прыярытэтам — альбо магчымыя наступствы ануляваньня дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці альбо магчымае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі зь Іранам.
  • Візыт на «Яму» — дэманстрацыя, што самая балючая беларуская трагедыя, якую адчуваюць амэрыканцы, прынамсі, цяперашні Вашынгтон — гэта Галакост.

«Беларусы хочуць незалежнасьці»

Першы і галоўны вынік візыту сфармуляваў госьць пасьля перамоваў з Лукашэнкам — «Думаю, беларусы хочуць незалежнасьці».

Пры гэтым Болтан дадаў, што розныя народы ў розныя часы вырашалі гэтае пытаньне па-рознаму. Народы Эўропы ахвяравалі часткай сваёй незалежнасьцю дзеля абʼяднаньня ў ЭЗ, брытанцы нядаўна прызналі гэтае сваё даўняе рашэньне памылкай.

Галоўнае, каб рашэньне было цалкам прадстаўнічым, калі адлюстроўвала меркаваньне людзей — патлумачыў госьць. З высновы, зробленай Болтанам, вынікае, што калі рашэньне будзе прынятае на карысьць абʼяднаньня Беларусі з Расеяй, яно ня будзе прадстаўнічым.

Невядома, ці абмяркоўваў Болтан з Лукашэнкам, што будзе Амэрыка рабіць, калі такое рашэньне насуперак волі беларусаў будзе прынятае. Магчыма і так. Але пакуль сказана галоўнае — США ня будуць лічыць гэтае рашэньне адпаведным волі беларускага народу. Мяркую, што гэтае пасланьне пачуў ня толькі Лукашэнка, але і Крэмль.

Правы чалавека і санкцыі

Другі момант — тэмы, якія Болтан назваў асноўнымі напярэдадні размовы з Лукашэнкам: правы чалавека і нераспаўсюджваньне зброі.

Адміністрацыю Трампа неаднойчы папракалі ў абыякавасьці да пытаньня правоў чалавека. Магчыма, Болтан хацеў падкрэсьліць, што гэта ня так. Праверыць магчымасьці няма. Да таго ж, скажам, пытаньне скасаваньня санкцыяў, якія дзейнічаюць адносна Беларусі — гэта ў пэўным сэнсе пытаньне правоў чалавека. Гэта ж было матывам іх увядзеньня.

Пры адлёце Болтан адказаў на пытаньне карэспандэнта "Настоящего времени" Сэржа Харытонава:

НВ: Ці надыйшоў час паслабіць санкцыі?

Болтан: Я думаю, мы будзем гаварыць пра колькасць санкцыяў, якія былі накладзеныя на Беларусь з пункту гледжаньня правоў чалавека і непашырэньня ўзбраеньняў і іншых, і паглядзім, ці зможам мы вырашыць гэтае пытаньне. Я думаю, што гэта будзе важная, цяжкая размова. Але гэта тое, што павінна адбыцца.

Так што ня выключана, што бліжэйшым часам пачнуцца перамовы аб скасаваньні ці скарачэньні санкцыяў. Варта нагадаць, што эканамічныя санкцыі прыпыненыя з 2015 году, іх замарозка працягваецца кожныя паўгода. Але са словаў Болтана можна зразумець, што ня выключанае і іх юрыдычнае скасаваньне.

Нераспаўсюд чыёй зброі і на каго?

Што мелася на ўвазе пад нераспаўсюдам зброі? Многія экспэрты выказвалі думку, што адной з тэмаў перамоваў стануць наступствы выхаду ЗША і Расеі з дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці. ЗША ўжо абвясьцілі, што маюць намер ствараць і разьмяшчаць такія ракеты, праўда, пакуль гутарка ідзе пра Азію. У сваю чаргу Пуцін заявіў, што Расея таксама будзе рабіць такія ракеты, прычым будзе іх разьмяшчаць там жа, дзе і Амэрыка. Сёньня ЗША не плянуюць разьмяшчаць ракеты сярэдняй далёкасьці ў Эўропе. Што будзе заўтра — невядома. У выпадку чаго ў Расеі будзе вялікая спакуса разьмесьціць свае ракеты ў Беларусі. І націснуць на Лукашэнку, каб ён дазволіў гэта зрабіць. Магчыма, гэта і было тэмай размоваў Болтана з Лукашэнкам.

Яшчэ адна магчымасьць — чуткі, якія ходзяць наконт вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі зь Іранам. На думку экспэртаў «мядовы месяц» у стасунках паміж Менскам і Тэгеранам далёка ў мінулым, у вайсковай сфэры ў тым ліку. Але жаданьне падзарабіць магло і пераважыць і нейкі вайсковы хай-тэк Беларусь магла Ірану і паставіць. А Болтан — вельмі параіць Менску гэтага ў будучыні не рабіць.

Візыт на «Яму»

Трэці важны момант — вельмі паказальны сымбалічны жэст госьця, які папярэднічаў сустрэчы з беларускім кіраўніцтвам. Болтан наведаў «Яму» — мэмарыял, узьведзены ў памяць пра вязьняў менскага гета. У паведамленьні амэрыканскай амбасады адзначаецца, што Болтан «аддаў даніну павагі ахвярам трагедыі і тым амэрыканцам, якія выжылі ці згубілі родных у час Халакосту ў Беларусі».

Гэты жэст не азначае, што Болтан не адчувае павагі да іншых ахвяраў, скажам, ды тых, якія загінулі ў Трасьцянцы ці ў Курапатах. Але выбар месца ўшанаваньня — гэта выбар прыярытэту. Самая балючая беларуская трагедыя, якую адчуваюць амэрыканцы, прынамсі, цяперашні Вашынгтон — гэта Галакост.

Ну і яшчэ адзін прыярытэт. У кастрычніку летась з Лукашэнкам сустракаўся памочнік дзяржсакратара Ўэс Мітчэл. Акрамя гэтага ён сустрэўся таксама з кіраўнікамі кампаніі «Гавары праўду» Андрэям Дзьмітрыевым і Тацьцянай Караткевіч. У якой ступені гэтыя двое рэпрэзэнтавалі грамадзянскую супольнасьць — ёсьць розныя меркаваньні, але ж яны пэўна не чыноўнікі. Болтан не сустракаўся ні зь якімі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, толькі з урадоўцамі.

Перад пачаткам перамоваў з Болтанам Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што сустрэча стане гістарычнай. У сваю чаргу Болтан ужо пасьля сустрэчы заявіў, што на ёй бакі «не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэньняў». У прынцыпе гэтага і чакалася, дарадца прэзыдэнта ЗША прыехаў адчуць настрой беларускіх уладаў, гатоўнасьць іх да пэўных крокаў. Калі бакі добра зразумелі настрой адзін аднаго, гэта і сапраўды можа мець гістарычныя наступствы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG