Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля візыту Болтана ў Менск расейска-беларускія адносіны могуць абвастрыцца, — палітоляг


Джон Болтан

Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. Ён тлумачыць, чаму візыт Джона Болтана ў Менск ужо цяпер можна назваць гістарычным, прадказвае магчымую нэгатыўную рэакцыю Масквы і заяўляе, што захаваньне незалежнасьці Беларусі адпавядае інтарэсам ЗША.

Сьцісла

  • ЗША вельмі хвалюе захаваньне сувэрэнітэту Беларусі.
  • У Вашынгтоне існуе кансэнсус, што захаваньне незалежнасьці Беларусі адпавядае інтарэсам ЗША.
  • Вашынгтон непакояць намеры Расеі наконт інкарпарацыі Беларусі.
  • Расея разглядае паляпшэньне адносінаў Беларусі з ЗША як выклік для свайго ўплыву на Беларусь.
  • Пасьля візыту Болтана ў Менск расейска-беларускія адносіны могуць абвастрыцца.

— На гэтым тыдні ў Менск мае прыехаць дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан. Болтан мае стаць найвышэйшым амэрыканскім службоўцам, які наведае Беларусь у гэтым стагодзьдзі. Ці можна ўжо зараз назваць гэты візыт гістарычным? Чаму ён стаў магчымым?

— Сапраўды, можна пагадзіцца, што візыт Болтана ў Менск — гістарычны візыт. Але калі паглядзець дынаміку кантактаў паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам, то можна пабачыць, што з кожным кантактам гэты ўзровень павялічваецца.

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Спадар Болтан плянуе рэгіянальнае турнэ, і гэта для яго звычайная практыка, калі ён наведвае некалькі краінаў адразу. Такім самым чынам быў арганізаваны летась ягоны візыт у краіны Паўднёвага Каўказу, тады ён наведаў Армэнію, Грузію і Азэрбайджан. Наколькі я ведаю, цяпер Болтан плянуе наведаць Украіну, Беларусь і Малдову.

Па-другое, безумоўна, ЗША вельмі хвалююць пэрспэктывы захаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі ў кантэксьце стратэгіі Крамля па прымушэньні Беларусі да паглыбленай інтэграцыі.

Трэцяя прычына зьвязаная з прагматызацыяй замежнай палітыкі ЗША. Некалькі дзён таму стала вядома, што Беларусь зьбіраецца набываць нафту ў ЗША. Нават нанялі адпаведнага лабіста, які будзе спрабаваць дамагчыся скасаваньня санкцыяў супраць Беланафтахіму, каб беларускія прадпрыемствы маглі купляць амэрыканскую нафту. У сукупнасьці ўсе гэтыя тры прычыны і прывялі да візыту Болтана ў Менск.

— «Стаўленьне да Беларусі як да чорнай дзіры і яе ігнараваньне аказалася правалам. Гэта не дало ніякага руху наперад у пытаньнях правоў чалавека, — цытуе Foreign Policy Майкла Карпэнтэра, былога намесьніка памочніка міністра абароны ЗША, які адказваў за Расею, Украіну і Эўразію. — Мы павінны рабіць усё, што можам, каб узмацніць сувэрэнітэт Беларусі». Ці можна сказаць, што вось гэты тэзіс стаў ужо афіцыйна галоўным тэзісам амэрыканскай палітыкі адносна афіцыйнага Менску?

— Так, сапраўды, мы назіраем зьяўленьне гэтага тэзісу з 2014 году, калі пачаўся расейска-ўкраінскі канфлікт. Можна сказаць, што ЗША «заўважылі» Беларусь у кантэксьце расейска-ўкраінскай вайны, а таксама канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам.

Трэба дадаць, што з гледзішча ЗША Беларусь адыграла канструктыўную ролю, зрабіла ўсё для таго, каб стабілізаваць рэгіянальныя працэсы, дээскаляваць ваенна-палітычную напружанасьць. Мне падаецца, што цяпер гэты тэзіс пра незалежную Беларусь як гаранта і донара рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці займеў папулярнасьць сярод амэрыканскіх стратэгаў. І сёньня ў Вашынгтоне ёсьць кансэнсус, што існаваньне незалежнай і сувэрэннай Беларусі адпавядае стратэгічным нацыянальным інтарэсам ЗША. Мы павінны разумець гэта ў кантэксьце так званай «Новай халоднай вайны», канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам, а таксама расейска-ўкраінскага канфлікту.

Болтан і Трамп
Болтан і Трамп

— Болтан вядомы як «ястраб», ён прадстаўляе даволі кансэрватыўнае крыло Рэспубліканскай партыі, прыхільнае да «моцнай рукі» ў замежнай палітыцы. А менавіта — да актыўнага процістаяньня геапалітычным супернікам ЗША — Кітаю і Расеі. Наколькі гэты індывідуальны аспэкт важны для ацэнкі ягонага візыту ў Беларусь? Наколькі гэты чыноўнік можа адкрыта гаварыць пра гэтыя тэмы з прэзыдэнтам Беларусі?

— Сапраўды, спадар Болтан — прыхільнік новай канцэпцыі геапалітычнай канкурэнцыі, якая абвастраецца паміж ЗША і Расеяй, ЗША і Кітаем. Вашынгтон сёньня вельмі турбуюць стратэгічныя намеры Расеі па інкарпарацыі Беларусі. Бо такая інкарпарацыя альбо проста ўзмацненьне ўплыву Расеі ў рэгіёне будзе мець пэўныя стратэгічныя наступствы і для інтарэсаў ЗША ў гэтым рэгіёне, і для нацыянальнай бясьпекі іхніх хаўрусьнікаў.

Таму Болтан наведае нашу краіну, каб прааналізаваць сытуацыю знутры і зрабіць адпаведныя высновы, якія пойдуць на стол прэзыдэнту ЗША Трампу. Мне падаецца, што гэта вельмі важны візыт, бо менавіта ад гэтых высноваў будуць залежаць пэрспэктывы нармалізацыі адносін паміж Менскам і Вашынгтонам, і найперш — скасаваньне амэрыканскіх санкцый супраць Беларусі. Бо, як вядома, паводле «Акту аб дэмакратыі» 2004 году менавіта прэзыдэнт ЗША павінен пачаць перагляд санкцыйнай палітыкі, даслаўшы ў Палату прадстаўнікоў і Сэнат адпаведны даклад наконт паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі. І гэта можа даць падставу, каб Кангрэс пачаў пераглядаць санкцыйную палітыку адносна Беларусі.

ЗША сёньня зацікаўленыя ў тым, каб захаваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, дапамагчы Беларусі, асабліва на фоне ўзмацненьня так званага «інтэграцыйнага ціску» з боку Расеі.

Джон Болтан і Ўладзімір Пуцін у Крамлі, кастрычнік 2018
Джон Болтан і Ўладзімір Пуцін у Крамлі, кастрычнік 2018

— Як Расея можа рэагаваць на візыт Болтана? Незадавальненьне Масквы выклікаецца нават самымі нявіннымі крокамі Менску.

— Візыт Болтана не застанецца без увагі Масквы. Гэта не навіна, бо пачынаючы з 2014 году расейскія стратэгі разглядаюць паляпшэньне адносінаў Менску з Захадам як сярэднетэрміновы выклік для свайго ўплыву на Беларусь. Я не выключаю, што пасьля гэтага візыту адносіны паміж Менскам і Масквой могуць абвастрыцца.

Мы ўжо бачылі пэўныя сыгналы з боку Крамля. У ліпені дырэктар Службы зьнешняй выведкі Расеі спадар Нарышкін падчас сустрэч з кіраўніцтвам КДБ Беларусі зрабіў даволі сур’ёзныя антыамэрыканскія заявы, абвінаваціўшы ЗША ў тым, што яны спрабуюць умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і Расеі і падрываюць інтэграцыйныя працэсы ў «саюзнай дзяржаве».

Таму трэба рыхтавацца да новай эскаляцыі напружанасьці паміж Менскам і Масквой. Усе стратэгічныя ацэнкі Расея зрабіла яшчэ ў 2014 годзе і цяпер робіць адпаведныя крокі згодна з гэтымі ацэнкамі.

Калі ў Маскве разглядаюць нармалізацыю адносін паміж Менскам і заходнімі сталіцамі як выклік для нацыянальных інтарэсаў Расеі — то атрымліваецца, што расейскі бок будзе імкнуцца гэтыя кантакты абмяжоўваць і падрываць. А калі гэта ня будзе атрымлівацца, то гэта будзе падштурхоўваць Крэмль да больш жорсткага стаўленьня да Беларусі і актывацыі альтэрнатыўных сцэнараў, у тым ліку крызісных.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG