Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца Трампа сустрэнецца з Лукашэнкам


Джон Болтан

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнае бясьпекі Джон Болтан наведае Беларусь і сутрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтую інфармацыю агенцтву Reuters пацьвердзілі ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.

Час і фармат сустрэчы пакуль не названыя, але яна адбудзецца не раней за чацьвер.

Як напярэдадні пісала амэрыканскае выданьне Foreign Policy, гэты візыт, імаверна, раззлуе Крэмль. Болтан мае стаць найвышэйшым амэрыканскім службоўцам, які наведае Беларусь у гэтым стагодзьдзі.

Паводле выданьня, візыт сьведчыць пра пацяпленьне адносінаў ЗША зь Беларусьсю. Foreign Policy нагадвае, што Масква апошнім часам спрабуе ўзмацніць палітычны зьвяз зь Беларусьсю і што інтэграцыйныя пляны называюць спосабам, якім Пуцін можа ў 2024 годзе абысьці канстытуцыйнае абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

«Болтан добра разумее, што Пуцін праводзіць агрэсіўную палітыку і што агрэсіўная палітыка Пуціна можа ўключаць ў сябе і нейкія пляны на Беларусь», — цытуе Foreign Policy былога амбасадара ЗША ва Ўкраіне Джона Гэрбста.​

Выданьне таксама цытуе паведамленьне Радыё Свабода пра тое, што Беларусь спрабуе дамагчыся поўнага скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў, што адкрыла б магчымасьць купляць нафту ў ЗША. Foreign Policy называе гэта «недвухсэнсоўным пасланьнем» Маскве.

Джон Гэрбст адзначае, што візыт Болтана мае важнае значэньне, але пры гэтым ня варта яго пераацэньваць.

«Гэта ня тое каб мы пастаўлялі зброю ў Беларусь, ня тое каб мы ўхвалялі далучэньне Беларусі да розных міжнародных арганізацый, — кажа ён. — Мы проста дэманструем пэўную гатоўнасьць размаўляць і даць трохі — і гэтае „трохі“ сапраўды акуратнае апісаньне — падтрымкі Лукашэнку, які спрабуе справіцца з расейскай [пагрозай]».

У публікацыі адзначаецца, што у апошнія гады Беларусь лібэралізавала візавы рэжым для замежнікаў, у тым ліку да грамадзян краін Эўразьвязу і Паўночнай Амэрыкі.

«Стаўленьне [да Беларусі] як да чорнай дзіры і яе ігнараваньне выявілася правалам. Гэта не дало ніякага руху наперад ў пытаньнях правоў чалавека», — цытуе Foreign Policy Майкла Карпэнтэра, былога намесьніка памочніка міністра абароны ЗША, які адказваў за Расею, Украіну і Эўразію.

Паводле яго, большыя эканамічныя і дыпляматычныя сувязі зь Беларусьсю ў доўгатэрміновай пэрспэктыве дадуць Вашынгтону больш уплыву на Беларусь. «Мы павінны рабіць усё, што можам, каб узмацніць сувэрэнітэт Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG