Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы масавы суд па «справе мэдыкаў»: хабар — ад €50 да $50 тысяч


Менскі гарадзкі суд, ілюстрацыйнае фота
Менскі гарадзкі суд, ілюстрацыйнае фота

У Менскім гарадзкім судзе 19 жніўня пачаўся разгляд самай вялікай па колькасьці абвінавачаных крымінальнай «справы мэдыкаў». На лаве падсудных 21 абвінавачаны, у тым ліку 8 былых чыноўнікаў Мінздароўя.

Пракурор зачытвае абвінавачаньні дырэктару РУП «Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў» Мінздароўя Аляксандру Сталярову:

  • Зьяўляючыся службовай асобай, атрымліваў хабар за паскораную рэгістрацыю лекавых сродкаў, за спрыяньне вырашэньню працоўных пытаньняў.
  • Атрымліваў грашовыя сродкі на сыстэматычнай аснове, з чэрвеня 2016 па травень 2018 году даваў указаньні супрацоўнікам у паскораным парадку праводзіць экспэртызы і рэгістрацыі лекавых сродкаў і вырабаў мэдычнага прызначэньня.
  • Браў хабар у адміністрацыйным будынку Цэнтру ў завулку Таварыскім, 2а.
Аляксандар Сталяроў (справа за кратамі)
Аляксандар Сталяроў (справа за кратамі)

Пракурор называе дакладныя даты, час і канкрэтныя сумы: некалькі разоў па 3 тысячы даляраў, 5 тысяч даляраў, пэўныя сумы ў беларускіх рублях, 4 тысячы даляраў, 7 тысяч даляраў — усяго на суму каля 50 тысяч даляраў. Гэта «цягне» на часткі 2 і 3 артыкула 430 КК РБ — атрыманьне хабару паўторна і ў асабліва буйным памеры. Па частцы трэцяй яму пагражае пакараньне ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Сваю віну Сталяроў па першай частцы арт. 430 не прызнаў, па чч. 2 і 3 віну ​прызнаў часткова. Кажа, што такіх сумаў, як называў пракурор, не перадавалася, не было сыстэмы перадачы хабару, не было карысьлівага намеру.

Намесьнік дырэктара РУП «Цэнтар экспэртыз і выпрабаваньняў» Сяргей Зінчанка паводле сваіх службовых абавязкаў адказваў за экспэртызы, выпрабаваньні і рэгістрацыю мэдычнай тэхнікі. Браў хабар таксама ў сваім службовым кабінэце ў будынку па завулку Таварыскім, 2а. Пракурор таксама называе дакладны час і канкрэтныя сумы хабару. Агульная сума хабару — 1300 даляраў. Зінчанку абвінавачваюць па частках 1 і 2 арт. 430 КК, за што пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Зінчанка прызнаў сваю віну цалкам.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня — начальнік аддзелу рэгістрацыі мэдтэхнікі і вырабаў мэдпрызначэньня РУП «Цэнтар экспэртыз і выпрабаваньняў» Сяргей Лешчылоўскі, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, за спрыяльныя вырашэньні пытаньняў прымаў матэрыяльныя каштоўнасьці і ўзнагароджаньні, браў хабар таксама ў будынку Цэнтру — усяго 200 даляраў і 50 эўра. Яму выставілі абвінавачаньні па частках 1 і 2 арт. 430 КК. Лешчылоўскі прызнаў віну цалкам.

Дырэктару прадпрыемства «Лекфарм» Андрэю Патаповічу інкрымінуюць змову зь Дзьмітрыем Кузьняцовым і Інгай Шалькевіч і даваньне хабару кіраўніцтву «Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў» у асабліва буйным памеры (ч.2 арт. 431 КК РБ). Пракурор зачытвае канкрэтныя сумы і дакладны час перадачы хабару, кажа, што Інга Шалькевіч уступіла ў злачынную змову з Кузьняцовым і Патаповічам, паводле папярэдняй змовы давала хабар Сталярову на агульную суму ня менш як 38 600 даляраў. Шалькевіч і Кузьняцоў віну прызналі.

Прадстаўнік «Лекфарму» Кузьняцоў абвінавачаны ў даваньні хабару (ч. 2 арт. 431 КК) на агульную суму ня менш як 38 тысяч даляраў (што лічыцца асабліва буйным памерам). Паводле абвінавачваньня, хабар даваў часьцей за ўсё Сталярову. Яму інкрымінуецца даваньне хабару паўторна і ў асабліва буйным памеры. Бізнэсоўцу пагражае абмежаваньне волі тэрмінам да 5 гадоў альбо ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Дырэктар «Геол-М» Уладзімер Ладуцька абвінавачаны ў тым, што даваў хабар кіраўніцтву «Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў» (ч. 1 арт. 431 КК). Прызнаў віну цалкам. Ладуцька хадзіў на ўсе папярэднія суды па справах мэдыкаў у якасьці сьведкі.

Працяг працэсу будзе 20 жніўня ад 10-й гадзіны раніцы.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG