Беларусь магла б пазьбегнуць «справы мэдыкаў», калі б у краіне не адмянілі ведамасны кантроль над дзяржаўнымі арганізацыямі, лічыць начальнік галоўнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня Мінфіну Аляксандар Ганчар.
З 2010 году супрацоўнікаў, упаўнаважаных кантраляваць працу дзяржаўных арганізацый, пастаянна скарачалі з прычыны кадравых аптымізацый, і к 1 верасьня 2017 году (апошняй аптымізацыі), у структуры многіх дзяржорганаў ужо фактычна не было службаў ведамаснага кантролю альбо іхныя абавязкі былі ўскладзеныя на 1-2 работнікаў, адзначае Аляксандар Ганчар у артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары ведамаснага часопіса «Фінансы, улік, аўдыт».
На яго думку, гэта не дазваляла дзяржаўным органам якасна выконваць сваю працу.
З 2018 году, разам з рашэньнем адмяніць плянавыя праверкі ў карпаратыўным сэктары, дзяржорганы зусім пазбавіліся рэальных магчымасьцяў кантраляваць працу дзяржаўных арганізацый, лічыць Ганчар, і яны былі «пакінутыя самі па сабе».
«Калі б не адмена ведамаснага кантролю, то наша краіна магла б пазьбегнуць гучнай „справы мэдыкаў“», — рэзюмуе Ганчар.