Бізнэсовец з топ-15 «Ежедневника» Аляксандар Шакуцін прыйшоў на працэс па «справе мэдыкаў», на якім судзяць ягонага брата. Ён заявіў, што дырэктар кампаніі «Іскамэд» Сяргей Шакуцін — сумленны і прыстойны чалавек.
У калідоры суду Аляксандар Шакуцін заявіў, што ня верыць у вінаватасьць брата.
«Мой брат вельмі чэсны, сумленны, надзвычай адказны чалавек, ён ніколі нічога нікому нічога дрэннага не зрабіў. З матэрыяламі справы я не знаёмы, таму нічога не змагу пракамэнтаваць», — сказаў Аляксандар Шакуцін журналістам.
Хадайнічалі пра закрыты працэс і іншую меру стрыманьня
Адвакатка Сяргея Шакуціна папрасіла правесьці суд у закрытым паседжаньні, бо матэрыялы справы ўтрымліваюць камэрцыйную таямніцу і канфэдынцыйныя зьвесткі кампаніі «Іскамэд», дзе Шакуцін зьяўляецца дырэктарам. Заяўленае хадайніцтва задаволі часткова.
Таксама адвакатка прасіла зьмяніць меру стрыманьня Сяргею Шакуціну, які 1 год і 2 месяцы знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Шакуцін мае некалькі хранічных захворваньняў і праблемы са зрокам. Пра зьмену меры стрыманьне хайданічаў таксама працоўны калектыў каля 600 чалавек. Судзьдзя хадайніцтва не задаволіў, Шакуцін застаецца пад вартай.