Экс-міністар аховы здароўя вярнуўся на старую пасаду ў Магілёў 

Валеры Малашка
Валеры Малашка

Аляксандар Лукашэнка даў згоду на прызначэньне Валерыя Малашкі намесьнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба.

Ад снежня 2016 году і да пачатку 2017-га Валеры Малашка быў міністрам працы і сацыяльнай абароны, а затым яго прызначылі міністрам аховы здароўя.

У чэрвені 2018 году Камітэт дзяржбясьпекі паведаміў, што ў сфэры аховы здароўя выкрыта маштабная карупцыйная схема, заключаныя пад варту больш як тры дзясяткі службовых асобаў, у тым ліку намесьнік міністра аховы здароўя і некалькі галоўных лекараў. Нягледзячы на карупцыйны скандал, Малашка быў звольнены з пасады толькі сёлета.

Фактычна чыноўнік вярнуўся да таго, чым займаўся раней. Ад 2004 году ён працаваў першым намесьнікам, а пасьля начальнікам упраўленьня аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму. У 2009-м быў прызначаны намесьнікам старшыні абласнога выканаўчага камітэту, адкуль пайшоў у міністры.

​
XS
SM
MD
LG