Міністар здароўя паабяцаў, што з карупцыяй будзе змагацца штучны інтэлект

Міністар здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.
Міністар здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.

Міністар здароўя Ўладзімер Каранік у інтэрвію тэлеканалу​ Беларусь-1 агучыў рэцэпт супрацьстаяньня карупцыйным схемам у ягонай галіне: дакладная і рэгуляваная сыстэма рэгістрацыі лекаў і мэдыцынскіх вырабаў, дэцэнтралізацыя закупак і разумны аналіз дадзеных.

«Мы павінны зразумець, якія ўмовы і прычыны карупцыі, — сказаў кіраўнік ведамства. — Па-першае, многія робяць слушныя заўвагі: у нас складаная і рэглямэнтаваная сыстэма рэгістрацыі мэдыцынскіх прэпаратаў, і гэта цяжка прайсьці нават пры наяўнасьці міжнародных сэртыфікатаў. Каб паскорыць працэс, пытаньні вырашаліся не зусім легальна. Па-другое, нас абвінавачваюць у празьмерна цэнтралізаваным набыцьці абсталяваньня. Адпаведна, усе затрымкі з тэндэрамі, заключэньне дамоваў прывялі да таго, што яны былі вырашаны па-іншаму».

Беларуская мэдыцына, ілюстрацыйнае фота
Беларуская мэдыцына, ілюстрацыйнае фота

Уладзімір Каранік паведаміў, што падрыхтаваны праект дакумэнтаў аб спрашчэньні працэдуры рэгістрацыі лекаў і мэдыкамэнтаў. Акрамя таго, рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгій распрацуюць плятформу з наборам штучнага інтэлекту для сыстэмы аховы здароўя, якая дапаможа вызначыць дарагія закупкі ў мэдыцынскіх установах.

«Сёньня ўсе незалежныя закупкі зарэгістраваныя на спэцыяльнай плятформе, — сказаў Уладзімер Каранік. — Цяпер мы разам зь Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, рэзыдэнтамі ПВТ абмяркоўваем стварэньне плятформы з элемэнтамі штучнага інтэлекту, якая будзе аўтаматычна аналізаваць вялізныя аб’ёмы дадзеных і вызначыць тыя аднатыпныя пазыцыі, якія рознымі шпіталямі набываюцца па розных цэнах. Як толькі нешта падобнае будзе выяўлена, міністэрскія структуры мусяць прааналізаваць, з чым гэта зьвязана».

На думку Ўладзімера Караніка, у такім выпадку ня будзе ахвотных «забаўляцца з цэнамі» — усе зразумеюць, што гэта ня выбарачны, а поўны кантроль над усімі закупкамі.

​
XS
SM
MD
LG