Першую місію міжнародных назіральнікаў у Беларусі акрэдытуюць напачатку верасьня 

Лідзія Ярмошына і выбары
Лідзія Ярмошына і выбары

Першая місія міжнародных назіральнікаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў Беларусі будзе акрэдытаваная 4 верасьня. Як удакладніла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, гэта місія Выканкаму СНД.

Паводле Ярмошынай, ужо запланаваная яе сустрэча з выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым, падчас якой будуць уручаныя пасьведчаньні назіральнікаў.

«Акрамя таго, у Міністэрства замежных спраў паступіла паведамленьне аб жаданьні прыбыць у нашу краіну місіі па ацэнцы патрэбаў з боку БДІПЧ АБСЭ. Гэта пакуль тэхнічны пэрсанал, — цытуе Лідзію Ярмошыну БелТА. — Ад вынікаў іх працы будзе залежаць колькасьць складу місіі ад АБСЭ на выбарах».

17 жніўня Лідзія Ярмошына ўдзельнічала ў форуме праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь», дзе абмяркоўваецца маючая адбыцца сёлета ў лістападзе выбарчая кампанія. У яго рамках прайшоў сэмінар, на якім абмяркоўваецца роля грамадзкіх аб’яднанняў у выбарчай сыстэме краіны.

Беларусь накіравала запрашэньні назіраць за парлямэнцкімі Выканкаму СНД, ПА АБСЭ, Шанхайская арганізацыі супрацоўніцтва. Таксама запрашэньні плянуецца даслаць у ЦВК Расеі, Украіны, Малдовы, Армэніі, Грузіі, Азэрбайджана, Кіргізстана, Казахстана і ў Сусьветную асацыяцыю арганізатараў выбараў са штаб-кватэрай у Рэспубліцы Карэя.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прызначаныя на 17 лістапада.

​
XS
SM
MD
LG