Дакумэнты для рэгістрацыі былі пададзеныя 26 чэрвеня.
Устаноўчы сход арганізацыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця, якая атрымала назву «ЭкаБрэст», адбыўся 26 траўня. 26 чэрвеня актывісты падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму. Сузаснавальнікамі берасьцейскага абласнога экалягічнага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «ЭкаБрэст» сталі 12 актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва ля абласнога цэнтру акумулятарнага заводу.
У статуце арганізацыі гаворыцца, што асноўнай мэтай яе дзейнасьці зьяўляецца падтрымка, дапамога і шырокае прыцягненьне грамадзкасьці да рашэньня экалягічных праблем, абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Як расказаў Свабодзе адзін з заяўнікаў Раман Кісьляк, 24 ліпеня актывістам у вуснай форме паведамілі, што на просьбу аб рэгістрацыі «ЭкаБрэсту» будзе атрыманая адмова з прычыны «немагчымых для выпраўленьня недахопаў». Пісьмовай адмовы пакуль актывісты не атрымалі.