Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказалі, што акумулятарным заводам займаецца Генпракуратура і Акадэмія навук». Берасьцейскія актывісты сустрэліся з кіраўніцтвам вобласьці


Акумулятарны завод ля Берасьця, ілюстрацыйнае фота

Гэта ўжо другая сустрэча. На першай кіраўнік аблвыканкама Анатоль Ліс паабяцаў праверыць усе факты правапарушэньняў. Сёньня Ліса на сустрэчы не было.

Другая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця з кіраўніцтвам вобласьці пачалася а 10-й гадзіне 17 ліпеня і працягвалася да 12.00. На ёй адсутнічаў кіраўнік вобласьці Анатоль Ліс. Як патлумачылі актывістам у аблвыканкаме, ён ня змог прыйсьці, бо заняты.

Адзін з праціўнікаў будаўніцтва заводу, Дзьмітры Бекалюк, расказаў Свабодзе, што актывісты пачулі ад уладаў.

Дзьмітры Бекалюк, архіўнае фота
Дзьмітры Бекалюк, архіўнае фота

«Першы намесьнік кіраўніка аблвыканкаму быў, прадстаўнік „Водаканалу“, кіраўнік аховы навакольнага асяродзьдзя вобласьці, прадстаўнікі ЖКГ, цэнтру эпідэміялёгіі і гігіены, іншыя чыноўнікі, — расказаў Дзьмітры Бекалюк. — Мы зноў агучылі ўсе нашы пытаньні аб гэтым заводзе. Нам пра вынікі праверкі так нічога і не сказалі. Быў наш маналёг. Сказалі, што інфармацыя прымаецца да ведама, будзе праверка. Сказалі таксама, што цяпер ідзе праверка Генпракуратуры, якая вывучае працэс будаўніцтва заводу. Генпракуратура прыцягнула да гэтага Акадэмію навук ды іншыя ведамствы. Я прасіў даць нам адказы на пытаньні, якія мы задавалі кіраўніку аблвыканкама Анатолю Лісу на першай сустрэчы. Сказалі, што адказаў даць ня могуць. Ніякіх адказаў мы не пачулі ўвогуле. Нас слухалі, запісвалі і ўсё».

Першая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця з кіраўніцтвам берасьцейскага аблвыканкаму прайшла 12 чэрвеня. Яна таксама працягвалася некалькі гадзін. Падчас размовы з актывістамі Ліс паабяцаў праверыць усе факты парушэньняў, агучаныя наведнікамі. Праз тры дні пасьля сустрэчы зь імі Анатоль Ліс падпісаў распараджэньне аб спыненьні будаўніцтва заводу і правядзеньні праверкі.

28 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне ўладальніка акумулятарнага заводу ля Берасьця, пінскага бізнэсоўца Віктара Лемяшэўскага. Празь пяць дзён пасьля гэтага Генэральная пракуратура паведаміла, што супраць Лемяшэўскага і шэрагу яго падначаленых распачатыя крымінальныя справы за даваньне хабару. На гэты момант бізнэсовец знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску.

Нягледзячы на арышт Віктара Лемяшэўскага і праверку Генпракуратуры, берасьцейскія актывісты працягваюць кругласутачнае дзяжурства ля будынка заводу ля Берасьця, а таксама штотыднёвыя акцыі пратэсту на галоўнай плошчы абласнога цэнтру. У мінулую нядзелю 14 ліпеня на плошчу да будынка аблвыканкаму выйшлі больш за сто чалавек. Па словах актывістаў, пратэсты будуць спыненыя толькі пасьля поўнага закрыцьця прадпрыемства.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG