Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зьнізіла экспарт нафтапрадуктаў амаль на 20%. Прычына — брудная нафта з Расеі


Ілюстрацыйнае фота. Цыстэрна з нафтай на нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу, 2013 год
Ілюстрацыйнае фота. Цыстэрна з нафтай на нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу, 2013 год

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў сёлета ў студзені-траўні скараціўся на 19,9% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась, паведамляе БелаПАН.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за пяць месяцаў 2019 году Беларусь экспартавала 4568,2 тысячы тон нафтапрадуктаў. У грашовым вымярэньні экспарт нафтапрадуктаў склаў $2,28 млрд. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2018 году ён зьнізіўся на 19,9%, або на $564,8 млн. У фізычным вымярэньні экспарт нафтапрадуктаў таксама зьменшыўся на 19,9%.

У студзені-сакавіку Беларусь штомесяц экспартавала каля мільёна тон нафтапрадуктаў, але ў красавіку-траўні беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаны былі скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў на вонкавыя рынкі: у красавіку ў параўнаньні з сакавіком экспарт зьменшыўся на чвэрць, да 788,3 тысячы тон, а ў траўні склаў 771,6 тысячы тон. Спэцыялісты зьвязваюць гэта з паступленьнем з Расеі бруднай нафты, а таксама з ростам попыту на паліва на ўнутраным рынку.

Сёлета экспарт нафтапрадуктаў можа зьнізіцца на 1-1,5 млн тон у параўнаньні зь мінулым годам, паведаміў журналістам у канцы чэрвеня віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. Ён нагадаў, што летась беларускія НПЗ перапрацоўвалі расейскую нафту, а таксама расейскія нафтапрадукты, але з 1 лістапада 2018-га Расея рэзка скараціла іх пастаўкі ў Беларусь, і таму «мільён, можа, 1,5 мільёна тон» зь беларускага экспарту нафтапрадуктаў можа выпасьці ў 2019 годзе.

У студзені-траўні Беларусь імпартавала з Расеі 35,5 тысячы тон нафтапрадуктаў на суму 19,8 млн даляраў. У грашовым вымярэньні пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у студзені-траўні зьнізіліся прыкладна ў 33 разы, у фізычным — у 50 разоў.

Сваё рашэньне скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь расейскія ўлады патлумачылі тым, што Беларусь займаецца рээкспартам нафтавай прадукцыі пад выглядам нафтахімічнай. Згодна зь міжурадавымі дамоўленасьцямі, з 1 лістапада 2018 году Расея пастаўляе Беларусі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.

Віцэ-прэм’ер таксама заявіў, што Беларусь таксама разьлічвае замясьціць «брудную» нафту, якая паступіла з Расеі па нафтаправоду «Дружба», якаснай. Тады беларуская доля ў экспарце нафтапрадуктаў захаваецца на ўзроўні мінулых гадоў.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG