Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух чалавек затрымалі па справе аб выбуху салюту ў Менску


Гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэрку, іх падазраюць у парушэньні правілаў абыходжаньня з выбухованебясьпечнымі рэчамі.

Сьледчы камітэт Беларусі ў сваім telegram-канале паведаміў пра затрыманьне двух чалавек у справе аб выбуху салюту ў Менску. Гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў, двое мужчын 25 і 28 гадоў. Яны прыехалі ў Менск, каб аказаць тэхнічную дапамогу ў арганізацыі салюту.

«У ходзе сьледзтва ўстаноўлена, што ў працэсе зараджаньня салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусьцілі парушэньне парадку работы з фаервэркавымі вырабамі. А менавіта ажыцьцяўлялі мэханічнае ўзьдзеяньне на набоі піратэхнікі пры зараджаньні мартыраў, не прадугледжанае правіламі абыходжаньня зь імі», — паведамляе Сьледчы камітэт.

Крымінальная справа вядзецца паводле артыкула аб парушэньні правілаў абыходжаньня з выбухованебясьпечнымі рэчамі, якое прывяло да сьмерці чалавека празь неасьцярожнасьць.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG