Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нядбайнасьць ці дывэрсія? Вайсковыя экспэрты і піратэхнік пра прычыны выбухаў на салюце 3 ліпеня


Разьбітыя шыбы ў спарткомплексе «Дынама», побач зь якім ад аскепка снарада загінула жанчына
Разьбітыя шыбы ў спарткомплексе «Дынама», побач зь якім ад аскепка снарада загінула жанчына

Былы намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны, распаўсюднік піратэхнікі і беларускі вайсковы экспэрт на просьбу Свабоды прааналізавалі, што магло стаць прычынай выбухаў салютных установак у Менску 3 ліпеня.

«Дывэрсія выключаецца»

Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014–2015 гадах Віктар Ягун перакананы, што інцыдэнт у Менску ў часе сьвяточнага салюту стаў вынікам парушэньня правілаў бясьпекі пры выкарыстаньні салютных установак.

Віктар Ягун
Віктар Ягун

«На здымках (фота пашкоджаных пускавых установак з дрона. — РС) відаць, што гэта не ракетная, а салютная ўстаноўка, змантаваная на плятформе грузавой машыны МАЗ ці КамАЗ. У яе сярэдзіне ўсталяваныя меншыя, а па баках вялікія залпавыя трубы, у якія закладаюцца парахавыя зарады, што вылятаюць адначасова або праз пэўны адрэзак часу, і такім чынам ствараецца эфэкт салюту. Што тут адбылося? Разарвалася сама ўстаноўка. Як відаць на фатаздымках, маленькія гільзы засталіся, а вялікія разарваныя. Гэта наступства таго, што быў або няякасны зарад (магчыма, ён быў сыры), або неадпаведная ягоная колькасьць, павялічаная ці зьменшаная», — сказаў Свабодзе Віктар Ягун.

Былы намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны выключыў магчымасьць сплянаванай дывэрсіі.

«Гэта нядбайнасьць людзей, якія мусілі кантраляваць стан салютнай устаноўкі. Я больш схіляюся да вэрсіі, што, хутчэй за ўсё, быў няправільна разьлічаны парахавы зарад або ўстаноўка ўжо састарэла і меліся праблемы з гільзамі, якія ня вытрымалі нагрузкі. А выбуховая хваля разам з салютам вынесла ў паветра і рэшткі мэталу разарваных гільзаў».

Віктар Ягун таксама дапускае, што ў часе стрэлу магла даць збой электрычная схема, якая адказвае за чарговасьць выкідаў зарадаў, у выніку чаго яны ўзарваліся адначасова.

«У такім выпадку нават пры штатным зарадзе гільзы не вытрымліваюць. Тое, што выбух салютнай устаноўкі адбыўся на месцы яе знаходжаньня, пацьвярджае і той здымак, на якім відаць пасечаны аскепкамі намёт, што стаяў побач. Калі б было нешта наўмысна закладзена ў зарад, то яны паляцелі б угору разам з фаервэркам і ўпалі б у іншым месцы, а ня побач з устаноўкай», — перакананы Віктар Ягун.

«Хутчэй за ўсё, разарвала залпавую трубу»

Прадпрымальнік Андрэй Далгіх, які займаецца продажам піратэхнікі у Менску, мяркуе, што снарад мог выбухнуць да таго, як вылецеў з мартыры.

«Хутчэй за ўсё, разарвала залпавую трубу. Бо калі снарад вылятае на пэўную вышыню, то ня мае ніякіх асаблівых наступстваў, аскепкі згараюць. Калі нават казаць пра звычайныя салюты, то бываюць выпадкі, калі людзі няправільна ставяць салют, дагары нагамі, і падпальваюць, ён страляе ўніз, яму, натуральна, няма куды вылецець, і яго разрывае, каробку альбо залпавую трубу», — кажа суразмоўца.

Паводле яго, у дадзеным выпадку была праблема ў зарадзе.

«Альбо яго няправільна ўставілі, альбо быў брак самога зараду, што ён ня вылецеў цалкам і яго разарвала. Ён разарваўся ўнутры трубы. Там вельмі вялікі дыямэтар самога зараду, і ён вельмі небясьпечны.

Тут нават звычайны салют можа прынесьці шмат шкоды, калі ён выбухне, ня вылецеўшы. А там вельмі вялікі дыямэтар. Наступствы могуць быць нэгатыўныя», — кажа прадавец фаервэркаў.

«Ня зроблены неабходныя захады для бясьпекі»

Паводле беларускага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, выраб піратэхнікі — гэта даволі складаная хімічная вытворчасьць. Былі выпадкі, калі ў Расеі і ў Кітаі адбываліся выбухі на прадпрыемствах, якія выпускаюць фаервэркі.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Напрыклад, летась адбыўся выбух на заводзе піратэхнікі «Авангард» каля Гатчыны (Ленінградзкая вобласьць).

«Салютныя ўстаноўкі — гэта звычайныя трубы з электразапаламі пад кіраваньнем працэсараў. Пытаньне ў тым, якія зарады туды кладуцца. Паколькі гэта выбуховыя рэчывы, то тут можа быць нераўнамернае гарэньне, няпоўны выбух. Да таго ж пытаньне, з чаго вырабленыя абалонкі гэтых салютаў, якой яны таўшчыні.

Улічваючы, што аскепак быў такі значны, магчыма, адбыўся няпоўны падрыў выбуховага рэчыва альбо пры вытворчасьці было дапушчана парушэньне і ўзяты ня той матэрыял для абалонкі гэтага салюту».

Паводле Алесіна, патрэбна правесьці вельмі дакладнае расьсьледаваньне на заводзе-вытворцы.

«Пытаньне, ці належным чынам фаервэркі былі выпрабаваныя і ці захаваныя ўсе тэхналягічныя нормы пры вытворчасьці? Ці тыя зыходныя кампанэнты былі ўзятыя? Таксама вельмі вялікую ролю адыгрывае тэрмін захоўваньня, бо могуць адбывацца адвольныя хімічныя працэсы, якія ўплываюць на якасьць».

Вайсковы экспэрт адзначае, што салюты, якія выкарыстоўваюцца дзесяцігодзьдзямі, ня маюць нечаканасьцяў. А дзеяньне новых распрацовак можа быць не праверана належным чынам.

Паводле Алесіна, таксама тут магчымая недапрацоўка арганізатараў салюту. Ён кажа, што зона бясьпекі павінна была быць значна большай.

«Пытаньне ў тым, у якіх месцах трэба ставіць салютныя ўстаноўкі, каб зона бясьпекі была як мага большай. Гэтым разам, улічваючы, што ніякіх надзвычайных здарэньняў не здаралася, магчыма, ня выканалі пэўных правілаў. Калі справа са зброяй ці з выбуховымі рэчывамі, то самая малаімаверная выпадковасьць менавіта і здараецца. Таму не былі зроблены неабходныя захады для бясьпекі», — кажа суразмоўца Свабоды.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG