Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра расейскую кампанію, прадукцыя якой стала прычынай трагедыі падчас салюту ў Менску


На месцы выбуху. 4 ліпеня 2019 году

Зарады і ўстаноўкі для салюту на Дзень Рэспублікі, падчас якога загінула жанчына, а яшчэ 10 чалавек пацярпелі, пастаўляла расейская кампанія ААТ «Пиро-Росс».

Вядома, што падарваліся вырабы аднаго калібру — 195 мм. На салюце выкарыстоўваліся снарады пяці калібраў. Выбухі адбыліся ў трох месцах з шасьці, дзе праводзіўся салют.

Кампанія «Пиро-Росс» заснаваная ў 1994 годзе і месьціцца ў Сергіевым Пасадзе.

Заснавальнік кампаніі — Сяргей Чанкаеў. Раней працаваў намесьнікам дырэктара НДІ прыкладной хіміі. Кампанія была створаная пад забесьпячэньне салютных батарэй Мінабароны, пісала расейскае выданьне «Коммерсант» у 2015 годзе.

Да 2008 году створаная Чанкаевым кампанія ня мела канкурэнтаў у бізнэсе. Цяпер ён дзеліць рынак са сваёй альма-матэр, НДІ прыкладной хіміі, які называе сябе «флягманам расейскай піратэхнікі».

«Мы адзіныя і асноўныя распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі фаервэрачнага і салютнага абсталяваньня, якое выкарыстоўваецца ў войску і на флёце», — казаў Сяргей Чанкаеў у інтэрвію 3 гады таму.

Кампанія, па словах дырэктара, мае шэраг уласных распрацовак. «Салютныя ўстаноўкі знаходзяцца на аўтамабільных шасі. Ёсьць сыстэма электроннага кіраваньня ўстаноўкамі, сваё праграмнае забесьпячэньне.

У адным з артыкулаў пра вытворчасьць кампаніі паведамляецца, што мартыры салютных установак робяць са сталёвых труб, якія вырабляюцца паводле ГОСТу для нафтагазавай галіны. Маленькі калібар мае 15-разовы запас трываласьці, вялікі — двухразовы.

«Чалавек на фаервэрку мусіць быць трошкі асьлеплены і трошкі аглушаны, але ў межах разумнага», — казаў Сяргей Чанкаеў.

«Пиро-Росс» ня першы год супрацоўнічае зь Міністэрствам абароны Расеі. Прыблізная сума паставак яе прадукцыі для салютаў у Менску — больш за 600 тысяч беларускіх рублёў. Вядома, што сёлета яна паставіла зарады з партыі 2017 году.

«Пиро-Росс» забясьпечвае салютамі найбуйнейшыя сьвяты па ўсёй Расеі. Паведамленьняў пра надзвычайныя здарэньні з удзелам прадукцыі кампаніі не знайшлося.

Ад камэнтароў журналістам Радыё Свабода кампанія адмовілася. Вядома, што яе супрацоўнікі ўжо знаходзяцца ў Менску і бяруць удзел у сьледчых дзеяньнях.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG