Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пацьвердзіў сьмерць жанчыны падчас салюту


Міліцыя на месцы здарэньня
Міліцыя на месцы здарэньня

Загінула жанчына 1955 году нараджэньня.

Сьледчы камітэт у акаўнце ў «Тэлеграме» разьмясьціў інфармацыю пра тое, што сьледчыя групы працуюць у месцах здарэньняў. Якія менавіта здарэньні адбыліся, не ўдакладняецца.

Раней стала вядома, што падчас салюту адбылося надзвычайнае здарэньне. Некалькі снарадаў разарваліся занадта нізка, аскепкі трапілі ў людзей. Паводле відавочцаў, жанчыне перарэзала аскепкам артэрыю.

Як паведамляе СК, на месцы працуюць спэцыялістыў Міністэрства абароны, МНС, МУС, мэдыцынскія службы. Праводзіцца праверка па факце сьмерці. Вырашаецца пытаньне аб завядзеньні крымінальнай справы.

Вядома, што яшчэ некалькім пацярпелым мэдыкі дапамагалі ў сувязі з пашкоджаньнямі, аднак ім не спатрэбілася шпіталізацыя.

Дакладную колькасьць людзей, якія зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, удакладняюць.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG