Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі


Салют у Менску 3 ліпеня

Паведамленьне Міністэрства абароны пасьля здарэньня 3 ліпеня ў Менску, у якім загінула жанчына і параненыя некалькі чалавек, супярэчыць агучанаму перад парадам.

Як паведаміла Мінабароны ў Telegram уначы пасьля здарэньня з фаервэркамі, «выяўлена, што зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».

Але за дзень да параду на сайце дзяржаўнага агенцтва Minsknews камандзір патрульнай роты камэнданцкага батальёну Аляксей Круглік сьцьвярджаў: «На гэты раз мы прыменім новыя фаервэрачныя вырабы, якія раней не паказвалі».

Гэтыя два паведамленьні могуць не супярэчыць адно адному, калі зарады такога тыпу выкарыстоўваліся ў салютах у іншых краінах або іншымі беларускімі ведамствамі. Але ў другім паведамленьні такіх удакладненьняў няма.

Ні Мінабароны, ні Сьледчы камітэт не агучвалі дэталяў таго, як адбылося здарэньне (згадвалася толькі, што людзі пацярпелі падчас салюту), а таксама не апісвалі папярэднія вэрсіі здарэньня. Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства надзвычайных сытуацыяў нічога не паведамілі пра здарэньне на раніцу 4 ліпеня.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG