Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Як разьвіваліся падзеі


Міліцыя на месцы здарэньня ў Менску, 3 ліпеня

Падчас салюту на афіцыйны Дзень незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбылося надзвычайнае здарэньне. Паводле відавочцаў, некалькі снарадаў разарваліся занадта нізка. Ад раненьня аскепкамі загінула сталая жанчына. Яшчэ прынамсі тры чалавекі пацярпелі. Свабода прасачыла, як разьвіваліся падзеі.

  • ​Салют пасьля параду распачаўся ў 22.20. Запуск фаервэрку адбываўся з 6 пляцовак: парк Перамогі (за стэлай «Менск — горад-герой»), паблізу вёскі Зацань, паблізу вёскі Навінкі, на тэрыторыі старога аэрапорту Менск-1, ля Чыжоўскіх могілак, у вайсковым гарадку Ўручча.
  • У 22.27 у сацсетках зьявілася першае паведамленьне, што запускі салюту адбыліся падазрона нізка, гэта справакавала вельмі моцны шум. Але нібыта «нічога ня здарылася».
  • Пазьней фатограф Дзьмітры Малаковіч апублікаваў фота запуску салюту на пляцоўцы ў Чыжоўцы (датавана 22.24), дзе «нешта пайшло трошкі ня так».

У 22.48 тэлеграм-канал блогера Nexta паведаміў, што адна з салютных ракетаў паляцела «не туды, куды трэба» і аскепак ад яе трапіў у жанчыну.

  • Параненая назірала за салютам на набярэжнай ракі Сьвіслач побач са спарткомплексам «Дынама» на вуліцы Даўмана.
Прыблізнае месца сьмяротнага раненьня жанчыны падчас салюту 3 ліпеня ў Менску на мапе Google
Прыблізнае месца сьмяротнага раненьня жанчыны падчас салюту 3 ліпеня ў Менску на мапе Google
  • ​У будынку спарткомплексу, як і ў жылых дамах на прылеглай вуліцы Чарвякова, пасьля запуску салюту выбіла шыбы. Набярэжная Сьвіслачы была ўсеяная плястыкавымі і кардоннымі аскепкамі.
  • 23.53 На месца здарэньня прыбыў карэспандэнт Свабоды. Там ужо працавалі сьледчыя. Але сьвяточны канцэрт ля стэлы «Менск — горад герой» усё яшчэ працягваўся.
  • Парк Перамогі, дзе месьцілася адна з пляцовак запуску салюту, ачэплены АМАПам, там працуюць сьледчыя.
  • 0.54 Першае афіцыйнае пацьверджаньне здарэньня — Сьледчы камітэт паведаміў пра сьмерць жанчыны. Праз 2 хвіліны ўжо пра 4 пацярпелых паведамляе Мінабароны.
  • Толькі пасьля афіцыйнага пацьверджаньня пра інцыдэнт вельмі суха паведамляюць дзяржаўныя СМІ.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG