Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух параненых падчас салюту ў Менску перавялі ў цэнтар па лячэньні агнястрэльных раненьняў


Месца здарэньня з салютам у Менску, 3 ліпеня 2019

Гэта адзіны ў краіне цэнтар, які спэцыялізуецца на падобных траўмах. Ён функцыянуе на базе вайсковага шпіталя.

У Міністэрстве абароны паведамілі, што двух грамадзян, якіх параніла выбухам салюту ў Менску, перавядуць у Рэспубліканскі цэнтар па лячэньні агнястрэльных раненьняў і мінна-выбуховых траўмаў, які функцыянуе на базе вайсковага шпіталя.

Спэцыялісты 432-га галоўнага вайсковага клінічнага мэдыцынскага цэнтру выяжджалі ў мэдыцынскія ўстановы, дзе знаходзяцца на лячэньні пацярпелыя ў выніку выбухаў салюту. У ведамстве дадаюць, што жыцьці параненых нічога не пагражае.

Вядома, што зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Іх пастаўляе кампанія «Пиро-Росс». Паводле прадстаўніка кампаніі, яны паставілі ў Менск зарады з партыі 2017 году. Прадстаўнікі кампаніі ўжо знаходзяцца ў Менску.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG