Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкордная сьпёка ў Эўропе: восем чалавек загінулі


Мадрыд, 26 чэрвеня 2019
Мадрыд, 26 чэрвеня 2019

Восем чалавек загінулі ў выніку рэкорднай сьпёкі, ад якой некалькі дзён пакутуе Заходняя і Цэнтральная Эўропа.

Як паведамляе агенцтва AFP, чатыры чалавекі загінулі ў Францыі, два — у Італіі, яшчэ два — у Гішпаніі.

У шэрагу краін пабітыя рэкорды высокай тэмпэратуры за ўвесь час назіраньня. У Францыі рэкордная адзнака 28 чэрвеня была перавышаная амаль на два градусы. Новы тэмпэратурны рэкорд для Францыі — 45,9 градусаў Цэльсія. Такая тэмпэратура ў ценю назіралася непадалёк ад Манпэлье, на поўдні краіны.

У Польшчы і Чэхіі пабітыя тэмпэратурныя рэкорды чэрвеня. Там тэмпэратура 26 чэрвеня дасягала 38 градусаў.

30 чэрвеня ў Нямеччыне, Польшчы і Чэхіі чакаецца нагэтулькі ж сьпякотны дзень.

Найбольш сьпякотнае надвор’е — на поўдні Францыі і ў Гішпаніі. Там некалькі дзён запар тэмпэратура падымаецца вышэй за 40 градусаў. На паўночным усходзе і ў цэнтральнай частцы Гішпаніі сытуацыя ўскладняецца пажарамі.

Прычына цяперашняй хвалі высокіх тэмпэратур — гарачае паветра з афрыканскай Сахары. На наступным тыдні ў Эўропе мае зрабіцца халадней.

Кліматолягі, аднак, зазначаюць, што цяперашні чэрвень у многіх краінах стане самым цёплым за ўсю гісторыю назіраньняў, што можа быць яшчэ адным пацьвярджэньнем факту глябальнага пацяпленьня і — шырэй — глябальных зьменаў клімату.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, які агітуе за больш актыўную барацьбу са зьменамі клімату, заявіў, што такія падзеі, як цяперашняя сьпякота, прымушаюць задумацца пра зьмену жыцьцёвых звычак і адаптацыі да новай рэальнасьці, дзе экстрэмальныя прыродныя зьявы могуць стаць больш частымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG