Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Літвы заклікала дамагчыся закрыцьця Беларускай АЭС


Беларуская атамная электрастанцыя ў Астраўцы

Даля Грыбаўскайце, якая пакідае пост прэзыдэнта Літвы, падчас выступленьня з гадавым дакладам 11 чэрвеня ў літоўскім парлямэнце заклікала суграмадзян дамагацца поўнага закрыцьця Беларускай АЭС.

Паводле Грыбаўскайце, краіны-чальцы Канвэнцыі Эспа прызналі, што Беларускую АЭС пабудавалі на небясьпечнай пляцоўцы. Таму на ёй ня можа функцыянаваць ніводная электрастанцыя.

Што такое канвэнцыя Эспа?

Канвэнцыя аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансьмежавым кантэксьце.

Гэтае міжнароднае пагадненьне ініцыявала ААН, яго падпісалі ў фінскім горадзе Эспа ў 1991 годзе.

Паводле канвэнцыі, працэдура ацэнкі ўзьдзеяньня патэнцыйна небясьпечных праектаў на навакольнае асяродзьдзе павінна праводзіцца:

  • унутры дзяржавы;
  • у сумежных краінах, якія могуць быць закранутыя такімі абʼектамі.

Даля Грыбаўскайце перадасьць справы новаму прэзыдэнту Літвы ў ліпені. На выбарах прэзыдэнта Літвы 26 траўня перамог эканаміст Гітанас Наўседа.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле падобнага праекту расейцы ўжо збудавалі Цяньваньскую АЭС у Кітаі, але менавіта такіх станцыяў яшчэ не запускалі.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • 100% паліва для БелАЭС будзе з Расеі. Але беларускае Мінэнэрга заяўляе, што «АЭС — гарантыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі».
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энэргіі, пакуль ня вырашылі. Суседнія краіны не зацікавіліся пакупкай электраэнэргіі зь БелАЭС, а Літва заклікае байкатаваць энэргію са станцыі.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG