Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапановы прэм’ера Літвы наконт АЭС у Беларусі назвалі «палітычнымі інсынуацыямі»


Будоўля Беларускай АЭС, 2017 год
Будоўля Беларускай АЭС, 2017 год

У Беларусі прапанову прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса аб выкарыстаньні інфраструктуры АЭС для электрастанцыі на газе назвалі «палітычнымі інсынуацыямі».

Літоўскі прэм’ер таксама прапануе выкарыстаць для беларускай газавай электрастанцыі сеткі і электрагенэруючае абсталяваньне.

Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімонтас Вайчунас сказаў агенству BNS, што гэтую ідэю тэхнічна можна рэалізаваць і ёсьць прэцэдэнт, калі Беларусь спыніла будаўніцтва атамнай станцыі ля Менску і перабудавала яе ў газавую.

Паводле Вайчунаса, ператварэньне АЭС у тэрмафікацыйную станцыю ня толькі гарантавала б большую бясьпеку Літвы, але «спрыяла паляпшэньню двухбаковых стасункаў».

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі карэспандэнту Свабоды сказалі, што не атрымлівалі ніякіх афіцыйных прапаноў зь літоўскага боку.

«Мы будуем адпаведна з канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі нашу АЭС. Мы гэтую заяву зь літоўскага боку нават не разглядаем. Гэта проста чыёсьці меркаваньне. Калі зьвернуцца афіцыйна з прапановай, то афіцыйна і адкажам. А так гэта проста палітычныя перадвыбарныя інсынуацыі», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка Міністэрства энэргетыкі Беларусі Жанна Зянькевіч.

Амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандар Кароль паведаміў, што ў 2018 годзе Літва закупіла ў Беларусі каля 1 млрд кВт⋅г электраэнэргіі, што ў 8,5 раза больш, чым годам раней.

Паводле выканаўчага дырэктара асацыяцыі «Аднаўляльная энэргетыка» Ўладзімера Нісьцюка, літоўцы куляюць электраэнэргію, пакуль няма Беларускай АЭС, і дзеля таго, каб падстрахавацца.

Уладзімер Нісьцюк
Уладзімер Нісьцюк

«Ёсьць закон, прыняты сэймам, што Літва ня будзе набываць электраэнэргію зь Беларускай АЭС. Ім цяпер ужо ідзе электраэнэргія падводным кабелем праз Балтыку па 3 эўрацэнты за адну кілават-гадзіну. Вядома, такі тарыф, які ім даюць швэды, ніхто ня дасьць. Тут і эканамічнае пытаньне».

Заяву прэмʼер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса Ўладзімер Нісьцюк назваў піярам.

«Прапануецца тое, што не падтрымлівае прэзыдэнтка Літвы і што ўжо немагчыма зрабіць. Гэта выбарчая кампанія дазваляе ўсім рабіць заявы, нават не абгрунтаваныя.

Беларуская АЭС — гэта ўжо справа ня толькі Літвы. У Эўропе ўжо прынятае афіцыйнае рашэньне аб тым, што былі парушэньні падчас выбару пляцоўкі для АЭС», — сказаў Свабодзе Уладзімер Нісьцюк.

У лютым краіны – чальцы Канвэнцыі Эспа абвясьцілі, што пляцоўка для будаўніцтва Беларускай АЭС была выбраная неналежным чынам, з парушэньнем канвэнцыі.

Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Для яе выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год, другога — на 2020 год.

Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, дадзены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG