Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Масква разыходзяцца ў ацэнках стратаў ад «бруднай нафты». Чыя пазыцыя бліжэйшая да ісьціны?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас і старшыня ўраду Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў правялі перамовы ў Маскве, каб абмеркаваць сытуацыю вакол паставак бруднай расейскай нафты.

Пры гэтым у Расеі папярэдзілі, што падчас сустрэчы таксама будзе абмяркоўвацца запазычанасьць Менску перад Масквой «за незаконныя схемы паставак так званых растваральнікаў у 2011–2012 гадах».

У 2012 годзе ўрад Расеі заявіў, што падазрае Беларусь у кантрабандзе расейскіх нафтапрадуктаў, і ацаніў страты бюджэту ў суму ад 700 мільёнаў да 2 мільярдаў даляраў.

Уся шкода не падлічаная. Патрэбны яшчэ месяц

Напярэдадні сустрэчы Сяргей Румас заявіў, што з Расеяй узгодненая «дарожная мапа» — пералік захадаў, аб адпампаваць з трубаў брудную нафту і аднавіць транзыт у Эўропу. Асноўная задача — «вызваліць транзыт, каб Беларусь магла атрымліваць плату за транзыт нафты».

Сяргей Румас
Сяргей Румас

​Аднак памер кампэнсацыі Беларусі стратаў ад паставак бруднай нафты пакуль ня вызначаны. Паводле Сяргея Румаса, беларускаму боку патрэбны як мінімум месяц, каб канчаткова вызначыць памер гэтай шкоды. Беларускі бок пакуль ня мае канкрэтных лічбаў, бо «ўся шкода яшчэ не падлічаная беларускім бокам».

Страты Мазырскага НПЗ могуць вырасьці

Раней віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка паведаміў, што кошт абсталяваньня на Мазырскім НПЗ, якое выйшла са строю праз пастаўкі бруднай нафты, складае каля 30 мільёнаў даляраў. Але памер прамых стратаў прадпрыемства можа яшчэ вырасьці. Канчатковую лічбу вызначаць падчас капітальнага рамонту.

Беларусь настойвае таксама на кампэнсацыі за спыненьне транзыту нафты і зьмяншэньне ўласнага экспарту. Недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў толькі за красавік склала 108 мільёнаў даляраў, паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім».

Лукашэнку трэба вынік

Аляксандар Лукашэнка быў незадаволены тым, як урад вырашае з Расеяй праблему бруднай нафты. «Мне патрэбен вынік», — сказаў кіраўнік краіны.

11 траўня Лукашэнка заяўляў, што страты Беларусі ад паставак «атрутнай» нафты складаюць «сотні мільёнаў даляраў».

У сваю чаргу, міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак ацаніў шкоду, нанесеную Беларусі, як нешта каля 100 мільёнаў даляраў. Паводле Новака, насамрэч гэта «не мільярды даляраў і нават ня сотні мільёнаў даляраў».

Большую рацыю мае беларускі бок

Экспэрт у галіне энэргетыкі Тацяна Манёнак кажа, што Беларусь пакуль поўнасьцю не аднавіла экспарт нафтапрадуктаў, бо «Нафтан» дагэтуль працуе на 60% сваіх магутнасьцяў.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

​«Беларускі бюджэт ужо панёс страты, недаатрымаўшы валютную выручку ад экспарту нафтапрадуктаў. Зьніжэньне будзе яшчэ большае. Гэта сур’ёзныя грошы. Страты нясуць і нафтахімічныя прадпрыемствы, якія атрымліваюць сыравіну ад НПЗ».

Паводле Тацяны Манёнак, пакуль у Расеі таксама не назвалі канкрэтных лічбаў па стратах.

«Яны кажуць, што „Транснафта“ пакрые ўсе выдаткі, калі гэта будзе даказана. Канечне, будзе складана аргумэнтаваць страты. Але тут большую рацыю мае беларускі бок, бо раней расейскія чыноўнікі казалі, што ўсе страты не перавысяць 100 мільёнаў даляраў. Гэта відавочна ня так».

Тацяну Манёнак дзівіць, што Расея згадала пра запазычанасьць за пастаўкі растваральнікаў.

«Узьнікае пытаньне: чаму Расея раней не спагнала гэтыя выдаткі зь Беларусі, калі яна лічыць, што ў гэтым вінаватая Беларусь? „Растваральнай“ схемай займаліся кампаніі зь Беларусі, Казахстану, Расеі. Чаму тады не спагналі? Бо заканадаўства ЭўрАзЭС дазваляла займацца такімі схемамі».

Паводле Тацяны Манёнак, вырашэньне пытаньня з бруднай нафтай можа зацягнуцца, бо «расейскі бок ня хоча несьці такія сур’ёзныя іміджавыя страты».

«Калі вінаватая „Транснафта“, то для яе фінансава цяжка выплаціць такія шматмільённыя выдаткі. Таксама пахіснуўся імідж расейскай нафты. Гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя для Расеі і Беларусі. Але дзеля іміджу Расея павінна знаходзіць кампраміс, інакш для яе будзе яшчэ горш».

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG