Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заявіў, што беларуска-расейская працоўная група не абміне нафтавых праблемаў


Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей — міністры замежных спраў Расеі і Беларусі, архіўнае фота

«Працоўная група экспэртаў, якую стварылі, каб комплексна разгледзець разнастайныя пытаньні інтэграцыі дзьвюх краін, вывучае і нафтавыя праблемы. Бо яны таксама ляжаць у сфэры супольнай супрацы», — заявіў 23 траўня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

Ён патлумачыў альгарытм працы экспэртаў. Спачатку яны зьбіраюцца паасобку, потым — разам. І толькі пасьля гэтага дакладаюць свае высновы кіраўнікам дзяржавы.

«Думаю, што неўзабаве група пачне сваю супольную працу», — адзначыў беларускі міністар.

27 траўня Ўладзімер Макей сустрэнецца ў Маскве з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым. На сустрэчы таксама прагучыць нафтавая тэма.

«У нас з калегам няма нейкіх забароненых для абмеркаваньня тэмаў. Мы шчыра гаворым пра ўсё. І нафта тут ня будзе выключэньнем» — сказаў Макей.

Ён дадаў, што размова ў Маскве пройдзе ў рамках штогадовых сустрэч, якія па чарзе адбываюцца то ў Менску, то ў Маскве. «Летась Лаўроў быў у Менску. Зараз — мая чарга», — патлумачыў Макей.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG