Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты Мазырскага НПЗ ад бруднай нафты з Расеі складуць больш за 30 мільёнаў даляраў


Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры
Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры

У Беларусі падлічылі, што кошт абсталяваньня на Мазырскім НПЗ, якое выйшла са строю праз пастаўкі бруднай расейскай нафты, складае каля 30 мільёнаў даляраў.

Пра гэта паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка. Паводле Ляшэнкі, памер прамых страт Мазырскага НПЗ можа яшчэ вырасьці.

«Хімічны працэс хлёру, які трапіў у нафту такі, што станчэньне труб, якое ўжо адбылося, і пашкоджаньне каталізатараў на абсталяваньні НПЗ яшчэ будуць выплываць», — сказаў Ігар Ляшэнка.

Больш поўная інфармацыя будзе атрыманая падчас капітальнага рамонту НПЗ, які мяркуецца правесьці да жніўня.

Таму пра выніковую лічбу памеру кампэнсацыі «пакуль казаць заўчасна».

Беларусь і Расея 16 траўня пачалі на міжурадавым узроўні абмяркоўваць пытаньні кампэнсацыі страт Беларусі ад паставак бруднай расейскай нафты.

Віцэ-прэмʼеры Расеі і Беларусі Дзьмітрый Козак і Ігар Ляшэнка дамовіліся стварыць рабочую групу па ацэнцы нанесенай шкоды, паведамляе БелТА.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што страты Беларусі складаюць «сотні мільёнаў даляраў».

Беларусь настойвае таксама на кампэнсацыі недаатрыманай выручкі

Паводле Ляшэнкі, Беларусь будзе настойваць на кампэнсацыі прамых і ўскосных страт празь няякасную нафту. Што да прамых страт прадпрыемстваў, то расейскі бок запэўніў, што «прадстаўленыя дакумэнтаваныя выдаткі беларускаму боку будуць пакрытыя».

Беларускі бок настойвае таксама на кампэнсацыі ўскосных стратаў. Ігар Ляшэнка сказаў, што яны тычацца недаатрыманай выручкі ад транзыту нафты і ад уласнага экспарту. Гэтая частка пытаньняў яшчэ будзе абмяркоўвацца з расейскім бокам.

Калі запрацуе «Нафтан» напоўніцу невядома

Беларускі віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь пакуль ня мае зьвестак, калі адновіць працу ўчастак нафтаправода «Дружба», які забясьпечвае 100-працэнтную загрузку сыравінай НПЗ «Нафтан». Гэта пастаўкі 680 тысяч тон нафты ў месяц.

Паводле Ляшэнкі, беларускі бок зацікаўлены ў «максымальна апэратыўным аднаўленьні паўнавартаснай працы НПЗ».

Расейскі бок праінфармаваў Беларусь, што на наступным тыдні магчымае аднаўленьне паставак нафты па «Дружбе» у напрамку Польшчы.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG