Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шарамецьцева» пра авіякатастрофу: пасадка SSJ-100 праходзіла «ў штатным рэжыме»


На месцы катастрофы
На месцы катастрофы

Выданьне Baza і тэлеканал РЕН-ТВ апублікавалі ў аўторак меркаваную расшыфроўку перамоваў пілётаў з пацярпелага катастрофу ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьцева» самалёта «Аэрафлёту» з дыспэтчарамі, а таксама дыспэтчараў з экстранымі службамі аэрапорту. Афіцыйнага пацьверджаньня сапраўднасьці расшыфроўкі няма.

Як вынікае з апублікаванага тэксту, пілёт перадаў на зямлю сыгнал «Pan-Pan», які азначае паломку на борце (але не сыгнал бедзтва «Mayday»), і паведаміў, што пасьля патрапленьня маланкі ў самалёта сапсаваліся электронныя сыстэмы. Дыспэтчар дазволіў аварыйную пасадку. Сыгнал бедзтва пры гэтым не аб’яўляўся. На пытаньне дыспэтчара: «Якая-небудзь дапамога неабходная будзе?» — быў дадзены адказ: «Не, пакуль усё нармальна. Штатна». Дыспэтчар каардынаваў дзеяньні пілётаў аж да выхаду на пасадачны напрамак.

Зь перамоваў дыспэтчараў з пажарнымі і экстранымі службамі пасьля аварыйнай пасадкі відавочна, што на працягу доўгага часу не было дакладнай інфармацыі аб колькасьці выратаваных і ахвярах. Паступалі паведамленьні аб адным загіблым, затым аб дзесяці. На самой справе, у катастрофе загінулі 40 пасажыраў і 1 член экіпажу — гэтыя лічбы былі названыя толькі празь некалькі гадзін пасьля катастрофы.

Аэрапорт «Шарамецьцева» апублікаваў на сваім сайце храналёгію падзеяў 5 траўня. Паводле яго дадзеных, заход і пасадка самалёта адбываліся «у штатным рэжыме», пажар пачаўся ўжо на зямлі. Сыгнал «Трывога» быў абвешчаны, як вынікае з храналёгіі, праз хвіліну пасьля аварыйнага прызямленьня, і яшчэ праз хвіліну да самалёта прыбыў першы пажарны разьлік. Сьцьвярджаецца таксама, што яшчэ праз тры хвіліны ратавальнікі ўвайшлі ў палаючы самалёт. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, да таго моманту тыя, хто выжылі, ужо пакінулі яго.

Раней газэта «Камэрсант» паведаміла, што асноўнай вэрсіяй у расьсьледаваньні катастрофы самалёта «Сухі Супэрджэт» (SSJ-100) зьяўляюцца памылковыя дзеяньні пілётаў.

Суразмоўцы выданьня назвалі некалькі памылак, якія, як мяркуецца, прывялі да аварыйнай пасадкі і загараньня. Першая зь іх — рашэньне пілётаў ляцець праз навальнічны фронт, другая — рашэньне сядаць адразу пасьля адмовы аўтаматыкі праз пападаньне маланкі ў самалёт. Як сьцьвярджаецца, лётчыкі маглі б пратрымаць SSJ-100 у паветры некалькі гадзін і выдаткаваць запас паліва, праз вагі якой самалёт сядаў з максымальнай масай. Памылкі былі дапушчаныя і пры прызямленьні, з-за чаго дотык узьлётна-пасадачнай паласы аказаўся жорсткім, і самалёт некалькі разоў адскочыў ад паверхні. Падчас такіх скачкоў лётчыкі не змаглі стабілізаваць самалёт, стойка шасі пашкодзіла паліўны бак і пачаўся пажар.

Пра тое, што ўжо выяўленыя некалькі памылак экіпажа SSJ-100, заявілі і крыніцы выданьня РБК у Сьледчым камітэце, спасылаючыся на апытаньне пілётаў.

Афіцыйных заяваў аб тым, што прычынай жорсткай пасадкі і гібелі людзей сталі менавіта памылкі пілётаў, пакуль не было. Самалёт агледзелі супрацоўнікі Сьледчага камітэту. У ведамстве заявілі, што разглядаюцца розныя вэрсіі здарэньня. Акрамя дзеяньняў пілётаў, сьледчыя вывучаюць працу дыспэтчараў і мэханікаў, што рыхтавалі самалёт. Таксама не выключаюцца вэрсіі пра няспраўнасьць SSJ-100 і неспрыяльныя умовы надворʼя.

  • 5 траўня Superjet-100, выконваючы рэйс «Аэрафлёту» Масква — Мурманск, неўзабаве пасьля ўзьлёту разьвярнуўся і зьдзейсьніў аварыйную пасадку ў Шарамецьцеве. Пры жорсткай пасадцы ў самалёта быў прабіты бак з палівам, пачаўся пажар. Загінуў 41 чалавек зь 78, якія знаходзіліся на борце.
  • Міністар транспарту Расеі Яўген Дзітрых заявіў, што няма падставаў для прыпыненьня эксплюатацыі самалётаў Superjet-100.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG