8 сьнежня ў Эўрапейскім Парлямэнце ў Брусэлі праходзіць канфэрэнцыя высокага ўзроўню, прысьвечаная рэформам і дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі. Яе арганізавалі Эўрапарлямэнт і Міжнародны інстытут дэмакратыі і спрыяньня выбарам (International IDEA) пры падтрыманьнні Эўракамісіі і Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў.
Адкрываючы канфэрэнцыю, старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах дачыненьняў зь Беларусьсю Малгажата Гасеўская заявіла, што Эўразьвяз і Эўрапарлямэнт рашуча падтрымліваюць беларускі народ і ягоныя дэмакратычныя памкненьні, у тым ліку праз прызнаньне дэмакратычных сілаў Беларусі, фінансавую падтрымку няўрадавых арганізацыяў і незалежных мэдыя, дэмакратычных структураў беларусаў у выгнаньні:
«Гэта стратэгічная інвэстыцыі ў дэмакратычную трансфармацыю Беларусі, у стабільнасьць і бясьпеку».
Гасеўская таксама згадала вельмі цяжкую сытуацыю ў Беларусі, працяг рэпрэсіяў, калі адных палітвязьняў вызваляюць, а іншых людзей арыштоўваюць, калі краіна застаецца ў расейскай палітычнай і вайсковай арбіце.
Эўракамісарка ў справе пашырэньня ЭЗ Марта Кос заявіла, што з 2020 году Беларусь усё болей паглыбляецца ў аўтарытарызм, апазыцыйныя партыі распушчаныя, іх лідэры зьняволеныя або мусілі эміграваць, грамадзянская супольнасьць зьнішчаная.
«З 2020 году мы надавалі падтрымку грамадзкім актывістам, праваабаронцам і звычайным людзям, якія не баяцца выказвацца. Мы надалі юрыдычную і мэдычную падтрымку больш як 7500 асобам, стыпэндыі 3500 студэнтам, падтрымалі тысячы бізнэсаў у эміграцыі. Для мяне гонар абвясьціць сёньня, што Эўразьвяз надае дадатковыя 30 мільёнаў эўра падтрымкі людзям Беларусі налета. Гэта павялічыць аб’ём нашай агульнай падтрымкі да больш за 200 мільёнаў эўра ад моманту скрадзеных выбараў», — сказала Кос.
Паводле эўракамісаркі, гэтая дапамога пойдзе ў тым ліку ахвярам рэпрэсій, палітвязьням, якія будуць вызваленыя і якім трэба адбудаваць сваё жыцьцё, грамадзянскай супольнасьці і незалежным мэдыя.
Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове заявіла, што гэтая сустрэча — ня проста дыскусія пра рэформы, а падмурак для будучай дэмакратычнай Беларусі. Сярод іншага яна закранула тэму пераходнага пэрыяду і рыхтаваньня новага заканадаўства.
«Ідэя новага заканадаўства простая: стабілізаваць дэмакратыю, зьліквідаваць карупцыю, запусьціць наноў сыстэму правасудзьдзя, якая служыла б людзям, а ня ўраду, і наблізіць Беларусь да Эўропы. Каб гарантаваць, што дыктатура ніколі не паўторыцца ў Беларусі».
Паводле Ціханоўскай, у Эўрапарлямэнце выразна бачаць розьніцу паміж народам Беларусі і рэжымам Лукашэнкі, паміж Беларусьсю і Расеяй.
Мэты канфэрэнцыі
Гэта за апошнія два гады пяты форум, прысьвечаны пакету рэформаў, распрацаванаму беларускімі дэмакратычнымі дзеячамі, і намаганьням міжнароднай супольнасьці дзеля падтрымкі беларускага народу.
Праграма ўключае пяць тэматычных панэляў: аб правах чалавека, пераходнай юстыцыі, рэформе пракуратуры, этыцы і антыкарупцыі, а таксама аб ролі Кантрольнай палаты ў дэмакратычным кіраваньні.
Арганізатары напісалі пра мэты канфэрэнцыі гэтак:
«У межах некалькіх панэльных дыскусіяў удзельнікі абмяркоўваюць пэрспэктывы й праблемы, зьвязаныя з дэмакратычнымі рэформамі, іх патэнцыйны ўплыў на палітычны ляндшафт і ролю грамадзянскай супольнасьці ў руху да зьменаў. Мэта канфэрэнцыі — падтрымаць канцэптуальную распрацоўку рэформаў у Беларусі, прапаноўваючы плятформу для дыялёгу паміж беларускім дэмакратычным рухам, дэпутатамі Эўрапарлямэнту, Эўрапейскай камісіяй і Эўрапейскай службай вонкавых дзеяньняў, юрыдычнымі экспэртамі і прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў і дзяржаваў – сяброў ЭЗ».
Адкрыцьцё форуму і выступ Каі Калас даступныя для мэдыя, яны ідуць у жывым этэры. Астатняя частка канфэрэнцыі — закрытая.
Форум