Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падставаў для выпіскі няма». Чаму беларускія палітычныя ўцекачы ня могуць выпісацца з сваіх прададзеных кватэраў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусы, што зьехалі за мяжу, ня могуць ні прадаць сваё жытло на радзіме, ні выпісацца адтуль. Чаму так адбываецца? Пагаварылі зь людзьмі, якія спрабавалі прадаць свае кватэры.

Беларусы, якія мусілі зьехаць за мяжу, або зусім ня маюць магчымасьці прадаць сваё жытло на радзіме, або, калі ўдасца гэта зрабіць на падставе генэральнай даверанасьці, ня могуць выпісацца. А новыя ўладальнікі ня могуць зарэгістравацца ў кватэры, якую набылі. Таму людзям даводзіцца судзіцца, яны праходзяць усе інстанцыі, але Вярхоўны суд адмаўляе.

У той жа час кватэры апанэнтаў рэжыму, дзе зарэгістраваныя ў тым ліку і непаўналетнія дзеці, прадаюцца з аўкцыёну з «прычэпам» — так было з жытлом палітыкаў Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх, Валера і Веранікі Цапкалаў, спартоўкі Аляксандры Герасімені. Днямі выставілі на продаж кватэру палітыка Яўгена Вільскага.

Арыштаваная нерухомасьць

Ганна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) на пачатку 2022 году правяла некалькі месяцаў у СІЗА на «Валадарцы» ў крымінальнай справе, яе асудзілі на 3 гады рэальнай «хіміі» (даволі мяккае пакараньне, бо ў жанчыны непаўналетняе дзіця). Ганну выпусьцілі з залі суду на свабоду — да вызначэньня месца адбыцьця пакараньня.

Жанчына вырашыла зьяжджаць, быў складаны шлях эвакуацыі. Але ў Беларусі яна пасьпела аформіць генэральную даверанасьць на маці — тады меркавала, што гэта на ўсялякі выпадак.

«Я была ўпэўненая, што мы зь дзіцем за мяжой ненадоўга, сытуацыя хутка зьменіцца, і мы вернемся. Бо ў 40 гадоў я нарэшце набыла ўласнае жытло — гэта было вельмі няпроста, бралася за хоць якія падпрацоўкі, дапамаглі сваякі, нават бабуля аддала свае „пахавальныя“. За мяжой найбольшыя выдаткі — аплата жытла. Больш за палову заробку ішло на арэнду, хоць я і цяжка працую. Праз год пераканала сябе, што кватэру ў Беларусі трэба прадаць, маральна рыхтавалася. Даручыла маме знайсьці рыэлтара і прадаваць кватэру», — расказала жанчына.

Рыэлтарка параіла спачатку выпісаць Ганну зь дзіцем, каб у пакупнікоў не было праблемаў. Гэта можна было зрабіць праз суд: напісаць пазоў аб высяленьні на падставе часткі 2 арт. 89 Жыльлёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Высяленьне на патрабаваньне ўласніка жылога памяшканьня»). Прычына — уласьнік жыве за мяжой.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аднак суд высьветліў, што ў Ганны ёсьць прысуд у крымінальнай справе і яна «ўхілілася ад адбыцьця пакараньня».

«Натуральна, на кватэру наклалі арышт, ні пра які продаж ужо і гаворкі няма. Вельмі шкадую, што распачала ўсё гэта — сядзела б ціха за мяжой, не прыцягнула б увагі да сябе гэтай кватэрай. А цяпер у Беларусі мне тэарэтычна пагражае замена „хіміі“ на пазбаўленьне волі. Да таго ж вельмі шкада маміных нэрваў і здароўя. І за дзяржаву крыўдна: я зарабіла сваёй працай на гэтую кватэру, а нейкія „шарыкавы“ ёй распараджаюцца. Прададуць з аўкцыёну — такія прэцэдэнты ёсьць, ці перададуць „сям’і АМАПаўца“, як пагражаў камусьці Азаронак», — з горыччу кажа Ганна.

Выпісацца ў нікуды

4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў».

Згодна з гэтым указам, усе ўгоды зь нерухомасьцю можна праводзіць толькі асабіста або паводле генэральных даверанасьцяў, аформленых у Беларусі. Консульскія ўстановы Беларусі за мяжой з таго часу не афармляюць беларусам ані новых пашпартоў, ані даверанасьцяў, ані іншых дакумэнтаў. А даверанасьці, аформленыя і засьведчаныя натарыюсам за мяжой, з апастылем, рэгістрацыяй у судзе і МЗС, — ня дзейнічаюць для ўгодаў зь нерухомасьцю і транспартнымі сродкамі.

З таго часу зафіксавана шмат выпадкаў, калі маёмасьць была прададзеная (да прыкладу, паводле генэральнай даверанасьці, аформленай ў Беларусі), а суды адмаўляліся выпісаць з кватэры былых уладальнікаў. Гэта значыць, што новыя ўласьнікі аформілі ўгоду куплі жытла, але праблемы з рэгістрацыяй (так званай прапіскай і выпіскай) засталіся.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Атрымліваецца, што калі продаж кватэры адбываецца паводле даверанасьці, без прысутнасьці самога ўласьніка (бо ён за мяжой), ЖЭСы адмаўляюцца выпісваць безь ягонай асабістай згоды ўсю сям’ю.

Улады тлумачаць гэта тым, што згодна з Жыльлёвым кодэксам Беларусі, зьняцца з рэгістрацыйнага ўліку ў «нікуды» з сваёй волі немагчыма. Каб выпісацца, трэба стаць на рэгістрацыйны ўлік у іншым жылым памяшканьні — тады з рэгістрацыі на старым месцы чалавека здымуць аўтаматычна.

А зьняцьце з рэгістрацыйнага ўліку без рэгістрацыі на новым месцы жыхарства магчымае толькі ў выпадках сьмерці, спыненьня грамадзянства, афармленьня выезду для пастаяннага жыхарства за мяжу, а таксама ў судовым парадку. У залежнасьці ад сытуацыі можа быць пададзены пазоў аб высяленьні ці аб прызнаньні страты права карыстаньня жылым памяшканьнем.

То бок уласнік жылога памяшканьня, калі ў яго няма варыянтаў для новай рэгістрацыі, ня можа сам сабе выставіць пазоў аб высяленьні, бо гэта супярэчыць Жыльлёваму кодэксу. Таму ўласьнік павінен спачатку прадаць жытло, зарэгістраваць пераход права ўласнасьці на асобу, якая купляе кватэру, і ўжо пасьля гэтага новы гаспадар можа выставіць пазоў да папярэдняга ўласьніка. Але калі ранейшы ўладальнік кватэры выехаў за мяжу і вяртацца не зьбіраецца, тут магчымы толькі суд.

Угоды з «прычэпам»

Былая адвакатка, якая ў 2024 годзе мусіла зьехаць з краіны, на ўмовах ананімнасьці расказала, як увосень 2023 году сям’я беларусаў пасьпела аформіць перад рэлякацыяй генэральную даверанасьць на маці жонкі і яна вяла іхную справу.

«Тады толькі зьявіўся ўказ Лукашэнкі. Маці ўдалося прадаць кватэру даволі хутка, але крыху таньней за рынкавую цану — бо жытло было з так званым „прычэпам“: там былі прапісаныя яе дачка, муж і непаўналетняя дзяўчынка. І мы, юрысты, і рыэлтары былі перакананыя: праблемаў з выпіскай былых жыхароў ня будзе», — кажа яна.

Адвакатка тлумачыць, што паколькі новыя і старыя ўласьнікі ў дачыненьні адны да адных ёсьць староньнімі асобамі (не сямейнікамі), можа быць абраная такая форма разьвязаньня справы: страта права карыстаньня жылым памяшканьнем. То бок калі новы ўласьнік законна набыў кватэру, у якой зарэгістраваны былы ўласьнік, то закон дазваляе без усялякіх перашкодаў выселіць ранейшага гаспадара і ягоных сямейнікаў у судовым парадку. Але цяпер гэта не працуе, кажа адвакатка.

«Суд першай інстанцыі адмовіў у выпісцы былых гаспадароў бязь іх прысутнасьці. Тыя цяпер асьцерагаюцца ехаць у Беларусь, бо некалі яны „данацілі“. Мы з рыэлтарам вельмі шкадавалі новых жыхароў: у іх малыя дзеці, пачыналіся праблемы зь дзіцячым садком, паліклінікай. Рыэлтар пасьля таго зарокся: ніколі не ўвязвацца ў такія ўгоды з „прычэпам“. Мне давялося зьехаць з краіны, ня ведаю, чым тая справа скончылася», — кажа суразмоўца.

Яна вельмі спачувае сваім калегам-юрыстам, якія ведаюць законы, прыводзяць аргумэнты, але фактычна ня могуць паўплываць ні на што.

«Некалі ж генэральны пракурор разам з кіраўніком дзяржавы заявілі, што „часам не да законаў“. Вось і ідуць з малатка, з аўкцыёну кватэры вядомых беларусаў, дзе зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці. У маёй галаве ня ўкладваецца, як людзі ўселяцца ў кватэру тых жа Ціханоўскіх або Цапкалаў і будуць там жыць…» — разважае былая адвакатка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG