Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтаправод «Дружба» стаіць. Украіна таксама спыніла транзыт расейскай нафты


Будаўнічыя работы на адрэзку нафтаправоду «Дружба» паміж Мазыром і Берасьцем, 2018 год, ілюстрацыйнае фота

Цяпер увесь транзыт расейскай нафты ў Эўропу прыпынены. Гісторыя пачалася з абурэньня Беларусі якасьцю сыравіны, якая псуе абсталяваньне заводаў. У Беларусі ладзяць экстраныя перамовы.

Украіна 26 красавіка спыніла транзыт расейскай нафты па сваёй галіне нафтаправоду «Дружба», піша БелаПАН. Адпаведнае паведамленьне беларускае ААТ «Гомельтранснафта Дружба» атрымаў ад украінскага апэратара нафтатранспартнай сыстэмы АТ «Укртранснафта».

Беларуская «Гомельтранснафта» склікае 26 красавіка ў Менску экстраныя перамовы кіраўнікоў нафтратранспартных кампаніяў у сувязь з гэтым прыпыненьнем і пагрозай поўнага спыненьня «Дружбы». Запрошаныя расейскі, польскі і ўкраінскі бакі, у час сустрэчы абяцаюць абмеркаваньне шляхоў рашэньня праблемы.

У сувязі з адмовай ад прыёму нафты на пункце здачы нафты ў Славаччыне і адсутнасьцю свабодных магутнасьцей на пункце здачы нафты ў Вугоршчыне «Укртранснафта» папрасіла спыніць перапампоўку па нафтаправодзе «Мазыр – Броды», удакладнілі ў «Белнафтахіме». Пра час аднаўленьня перапампоўкі абяцаюць паведаміць пазьней.

Сваё рашэньне «Укртранснафта» абгрунтавала пагадненьнем аб прадстаўленьні паслугаў па транспартаваньні нафты па тэрыторыі Украіны: «Паводле ўмоваў гэтай дамовы „Укртранснафта“ мае права спыніць прыём расейскай нафты, калі сыравіна не адпавядае якасных паказьнікаў. Усе матэрыяльныя страты ўскладаюцца на бок, які ня выканаў свае абавязкі».

«Укртранснафта» яшчэ 19 красавіка атрымала паведамленьне ад беларускага боку, што з тэхналягічнага ўчастку магістральнага нафтаправоду «Транснафта — Дружба» (Расея) паступае нафта пагоршанай якасьці. У прыватнасьці, паказьнік долі арганічных хлярыдаў у расейскай нафце ў некалькі разоў перавышаў дапушчальную норму. Украіна працягвала транзыт нафты, ускладаючы адказнасьць за яе якасьць на Расею.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG