Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: «Многім надакучыла бадзяньне па праспэктах зь незразумелымі мэтамі»


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Палітычны актывіст Зьміцер Дашкевіч падтрымлівае ініцыятыву арганізатараў сьвяткаваньня 101-й гадавіны незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Горадні зрабіць Дзень Волі найперш сьвятам, а не пратэставай акцыяй. Пра гэта ён заявіў у жывым эфіры Радыё Свабода.

«Трэба разумець, што ёсьць розныя акцыі — з розным сэнсам і пасылам. Ёсьць акцыі пратэставыя, ёсьць жалобныя (як Чарнобыльскі шлях), а ёсьць сьвяточныя. І абвяшчэньне незалежнасьці БНР — гэта сьвята», — сказаў Дашкевіч.

Паводле былога лідэра «Маладога фронту», «ужо вельмі даўно і многім людзям надакучыла бадзяньне зь незразумелымі мэтамі і незразумелымі вынікамі».

«Чаму раней хадзілі больш „радыкальна“ па праспэктах? Бо не было магчымасьці сабрацца ў цэнтры гораду, ля Опэрнага тэатру, каб годна адсьвяткаваць Дзень Волі», — сказаў Дашкевіч.

Ён выказаў думку, што незалежнае грамадзтва «здолела навязаць свой парадак дня і бачаньне гэтай даты дзяржаве, якая больш за 20 год адмаўляла і аспрэчвала гэтую спадчыну».

23 сакавіка ў Горадні адбываецца сьвяткаваньне 101-годзьдзя незалежнасьці БНР. Арганізатары леташняга 100-гадовага юбілею ля Опэрнага тэатру праз рознагалосьсі з адміністрацыяй Менску вырашылі перанесьці асноўнае сьвяткаваньне ў Горадню.

У Менску дазволеныя канцэрт і мітынг, прысьвечаныя 101-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, пройдуць 24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры. Яго арганізуюць апазыцыйныя палітычныя партыі.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG