Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: «Мне цікава адчуваць, як мае словы робяцца яваю»


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

У мяне даволі блізкія дачыненьні з творчасьцю Ўладзімера Арлова. Двойчы ў жыцьці я браўся перакладаць на польскую мову ягоную прозу, для зборнікаў: «Requiem dla piły motorowej» (Беласток, 2000) і «Kochanek Jej Wysokości» (Уроцлаў, 2006). І, па-сутнасьці, рэдагаваў пераклады іншых для гэтых зборнікаў.

Сустракаліся мы нягуста, але заўсёды, так бы мовіць, невыпадкова, заўсёды па справе: у Менску, Гайнаўцы, Празе, Уроцлаве, нават у Гарадку на «Басовішчы». Нам заўсёды было пра што пагаварыць. Гэтым разам — не інакш. Мяркуйце самі (поўная размова ў падкасьце «Гутаркі зь Янам»).

Пра самую важную літаратурную прэмію

«Выйшла шэсьць [маіх] паэтычных кніг, і адна зь іх, „Паром праз Ла-Манш“, пераствораная па-польску знакамітым перакладчыкам Адамам Паморскім, прынесла мне у 2010-м самую, магчыма, важную літаратурную ўзнагароду — міжнародную прэмію „Эўрапейскі паэт свабоды“, заснаваную гданьскай мэрыяй. Прэмію мне ўручаў сьветлай памяці гданьскі мэр Павел Адамовіч, жыцьцё якога так трагічна абарвалася сёлета».

Што грэе душу

«У хвіліны роспачы і паняверкі душу грэе думка, што я ўсё ж стаў прафэсійным пісьменьнікам, маю сваіх выдаўцоў і, што самае важнае, сваіх чытачоў».

Пра адзін пераклад сваёй прозы на расейскую мову

«Мне прыслалі на аўтарызацыю і ягоны пераклад [рэч датычыць расейскага перакладчыка з псэўданімам Пяцібратаў — РС]. У выніку я мусіў нанова перапісваць практычна кожны сказ. Ды што там сказ! Там проста калечыўся сэнс усяго тэксту. Ну, як магло быць іначай, калі слова „побач“ пераўвасаблялася ў расейскае „посмотри“, „прымус“ рабіўся „примусом“, а „лёс“ — „лесом“. Проста анэкдатычныя выпадкі. „Запалкі“ рабіліся „зажигалками“ — ну, гэта яшчэ ня самы горшы выпадак. „Нядзеля“ беларуская рабілася „неделей“ рускай». (…) Гэты Пяцібратаў, якога я ахрысьціў для сябе Прайдзісьветавым, як высьветлілася, ня быў адной асобай. За гэтым брацкім псэўданімам цэлая невялікая хеўрачка літпрайдзісьветаў хавалася, якая лічыла, што беларуская мова — амаль тое, што расейская».

Чаму пісаць на гістарычныя тэмы цікава

«Ня толькі цікавасьць публікі, ня толькі попыт на [гістарычную літаратуру — РС] былі прычынай. Гісторыя для мяне заўсёды — ня толькі прадмет вывучэньня, ня толькі прадмет дасьледаваньня, але, што значна важней, гісторыя — гэта прастора для падарожжаў у часе, для захапляльных вандровак у мінулае».

Афарызм бабулі Аўгіньні

«Бабуля казала: ня ў час скажаш — шатан на дарозе ляжа».

Што найлепш бароніць дзяржаву?

«Я перакананы, што агульная гістарычная сьвядомасьць разам з мовай бароняць межы дзяржавы лепей за любую армію. Здаецца, гэтая ісьціна даходзіць ужо й да вышэйшых паверхаў цяперашняй улады. Іначай там не загаварылі б пра канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі Беларусі, пра якую мы нядаўна пачулі».

Пра сучасны стан беларускай нацыі

«Гэтая нацыя ў выніку палітыкі цяперашняй улады застаецца недафармаванай. І сярод прычынаў гэтага недафармаваньня — моўная палітыка ці, дакладней, антыпалітыка што да беларускай мовы, якую праводзіць цяперашні рэжым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG