Першую прадукцыю берасьцейскі акумулятарны завод выпусьціць у сакавіку

абноўлена

Першую партыю прадукцыі на акумулятарным заводзе пад Берасьцем плянуюць выпусьціць у сакавіку, піша БелТА са спасылкай на галоўнага інжынэра кампаніі «АйПаўэр» Сяргея Дубнавіцкага.

Паводле яго словаў на прадпрыемстве завяршаюцца будаўніча-мантажныя працы. Спэцыялісты займаюцца падлучэньнем сыстэм да электрычнасьці і водазабесьпячэньня. Запуск і наладжваньне абсталяваньня пачнуцца пасьля запуску вэнтыляцыі, газаачышчальных установак і мантажу катлоў.

Першы пускавы комплекс прадугледжвае 1 мільён умоўных акумулятарных сьвінцовых батарэй на год. Пазьней на заводзе хочуць павялічыць выпуск да 2 мільёнаў. На першым этапе на заводзе будзе працаваць 138 чалавек, на другім – да 188. Набор супрацоўнікаў ужо пачалі, цяпер на прадпрыемстве працуюць больш за 40 чалавек.

Паводле інжынэра па ахове навакольнага асяроддзя «АйПаўэр» Марыны Краўчук:

  • 2 разы на год будуць правяраць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра;
  • 1 раз на квартал лябараторыі будуць браць пробы сьцёкавых вод, на заводзе — раз на суткі.

​
XS
SM
MD
LG